Лідар «Ісламскай дзяржавы» запісаў відэазварот: Удары Расеі і кааліцыі бясшкодныя для нас


Абу Бакр аль-Багдадзі. Фота 112.ua

Кіраўнік «Ісламскай дзяржавы» лічыць, што дзеянні Расеі і кааліцыі толькі ўмацавалі баявы дух джыхадыстаў.

На ісламісцкіх сайтах апублікаваны новы аўдыёзварот, зроблены ад асобы лідара экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава» Абу Бакр аль-Багдадзі.

Чалавек, якога прадстаўляюць лідарам «Ісламскай дзяржавы», кажа, што нягледзячы на ​​ўдары расейскай авіяцыі па пазіцыях джыхадыстаў і авіяналёты сіл міжнароднай кааліцыі на чале з ЗША, групоўка не аслабла і не здала пазіцый.

Больш за тое, па словах аль-Багдадзі, дзеянні Расеі і кааліцыі яшчэ больш умацавалі баявы дух джыхадыстаў.

Гэты 24-хвілінны аўдыёзварот Абу Бакр аль-Багдадзі – першы пасля травеньскага выступу лідара групоўкі, якую прызналі тэрарыстычнай шмат якія краіны свету.

Увесну гэтага года пачалі паступаць супярэчлівыя паведамленні пра лёс аль-Багдадзі. Прадстаўнік міністэрства ўнутраных спраў Іраку казаў Бі-бі-сі, што аль-Багдадзі быў сурʼёзна паранены ў сакавіку ў выніку авіяўдару сіл кааліцыі.

Абу Бакр аль-Багдадзі імкнецца не раскрываць інфармацыю пра сябе і сваім месцазнаходжанні. Лічыцца, што нават шматлікія баевікі ІД не сустракаліся з ім тварам у твар.

Вядома, што лідар самаабвешчанага халіфата выступае перад палявымі камандзірамі ў масцы, праз што ён атрымаў мянушку «нябачны шэйх».

Тым часам абʼяднаныя сілы сірыйскіх паўстанцаў, якіх падтрымліваюць ЗША, здолелі адбіць у «Ісламскай дзяржавы» ключавую дамбу на рацэ Еўфрат у рамках шырокамаштабнага наступу на джыхадыстаў на поўначы Сірыі.

МЯ, паводле bbc.com

Глядзі таксама
Каментары