Лідар «Белага легіёну»: «Калі ўдома няма рэалізацыі – няма чаго сядзець у багне»


Ці «справа патрыётаў» звязаная з вучэннямі «Захад»? Што лідар «Белага легіёну» думае пра Вейшнорыю? Што палкоўнік КДБ распавёў яму пра беларускія выбары? І чаму ён насамрэч пакінуў краіну? З Сяргеем Бульбам размаўляе Сяргей Пеляса.

Вы – афіцэр і заснавальнік спартова-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён», якая ўжо не існуе. Чаму вы з’ехалі з Беларусі і жывяце за мяжою?

Так склалася. Дзяржава ў нас такая, разумееце. Я ніколі не думаў, што мне прыйдзецца жыць па-за межамі. Я люблю сваю краіну і заўсёды лічыў сябе патрыётам, але мусіў шукаць рэалізацыі за мяжою, бо ў сваёй краіне аказаўся непатрэбным. Да гэтага – пастаянны кантроль як пад мікраскопам, што ўвесь час напружвае. Чым бы я ні заняўся – я пад кантролем. Мне канкрэтна кажуць: будзеш сябе кепска паводзіць – мы прышлём пару праверак, і ты проста сядзеш за свой бізнес, страціш грошы.

Трэніроўка «Белага легіёну». Фотаздымкі

Фота з асабістага архіву Сяргея Бульбы
Фота з асабістага архіву Сяргея Бульбы
Фота з асабістага архіву Сяргея Бульбы
Фота з асабістага архіву Сяргея Бульбы
Фота з асабістага архіву Сяргея Бульбы
Фота з асабістага архіву Сяргея Бульбы
Фота з асабістага архіву Сяргея Бульбы

Заняцца «Легіёнам» мы не маглі пасля прыняцця паправак у Крымінальны кодэкс пра адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Гэты шлях таксама аказаўся закрыты.

Палкоўнік КДБ адкрыта кажа: «Молодой человек, ну Вы же умный. Вы же понимаете, что депутат у нас уже назначен. Жалуйтесь, куда хотите».

Спроба пайсці ў грамадскае жыццё, у рэальную палітыку, у дэпутаты таксама для мяне была перакрытая – мяне проста свядома не прапускалі. Калі я балатаваўся першы раз у мясцовы Менскі гарсавет, я ўчыстую выгуляў гэтыя выбары. Я меў інфармацыю ад настаўнікаў, якія ўваходзілі ў выбарчую камісію, што на датэрміновым галасаванні я набраў 84 %. А мяне проста здымаюць у дзень галасавання праз надуманыя прычыны. Увечары на маю просьбу патлумачыць, што гэта было, прыязджае палкоўнік КДБ, які адкрыта кажа: «Молодой человек, ну Вы же умный. Вы же понимаете, что депутат у нас уже назначен. Жалуйтесь, куда хотите, вплоть до Верховного суда». І я, як нармальны чалавек – кожнаму з нас патрэбная рэалізацыя – вымушаны быў шукаць яе па-за межамі сваёй радзімы.

Калі ўлады распачалі «справу патрыётаў», вы былі ўва Украіне. Як цяпер там успрымаюць Беларусь – асабліва пасля інцыдэнту з затрыманнем расейскімі спецслужбамі на тэрыторыі Беларусі ўкраінца?

Там ідзе складаная і мэтанакіраваная прапаганда, за апошнія паўтары гады Расея прыклала багата намаганняў. Звычайна да беларусаў ува ўкраінцаў было вельмі пазітыўнае стаўленне. Нават калі чалавек прыязджаў уладкоўвацца на працу, і ў графе «нацыянальнасць» ён упісваў «беларус», мы смяяліся, што гэта «+500 да кармы».

Але Расея мэтанакіравана займаецца сваёй прапагандай. Апошнім часам сярод украінцаў распаўсюдзілася думка пра тое, што Беларусь практычна ўжо здалася, што гэта практычна ўжо рэгіён Расеі, таму не варта ўжо і змагацца. Ім канешне прыкра ад гэтага, але яны ўжо пагадзіліся ды махнулі рукой.

Тое, што робіцца менавіта цяпер, перад вайсковымі вучэннямі – абсалютна мэтанакіравана. Момант з выкраданнем украінца на беларускай тэрыторыі – лагічнае завяршэнне ланцужка. У прэсе з’явілася шмат артыкулаў: кшталту ўкраінцы прастаялі на мяжы, беларускія мытнікі іх шэсць гадзінаў марнавалі – з гэтага робіцца ледзь не скандал, пішуць пра здзекі беларусаў з украінцаў. Дайшлі да таго, што ў загалоўку артыкулу былі словы: «Сябар нашага ворага – наш вораг».

Сяргей Бульба ў Тыбеце. Фота з асабістага архіву

Следства па «справе патрыётаў», фігурантамі якой з’яўляюцца між іншым былыя актывісты «Белага легіёну», цягнецца ўжо амаль паўгода. У медыях апошнімі тыднямі па гэтай справе поўная цішыня. Тым часам 16 фігурантаў, вызваленых пад падпіску аб нявыездзе, працягваюць абвінавачваць у стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. Ці давядуць улады «справу патрыётаў» да суда?

21 верасня мае скончыцца адведзены тэрмін. Што будзе далей – мы не здагадваемся. Паводле нашай інфармацыі, аператыўнікі, якія меліся займацца расследаваннем, у жніўні былі ў адпачынку, то бок ніхто справай не займаўся. Не маю ні ілюзіяў, ні спадзеваў, што мы пачуем. Не здзіўлюся, калі будуць спробы падвесіць яшчэ нейкія артыкулы. Новы артыкул пра незаконнае ўзброенае фармаванне можа даць для гэтага падставы.

Сяргей Бульба ў гарах Тыбету. Фота з асабістага архіву

Падчас расследавання КДБ чаплялася да ўсяго: нават мае словы пра тое, што мы сябруем са старымі легіянерамі, што часам мы збіраемся разам на Нёмне ці ходзім у Тыбет – нават гэта скарысталі для таго, каб падкрэсліць: маўляў, сам прызнаўся, што арганізацыя існуе. Таму цяпер я падкрэсліваю: з намі ў Тыбеце нікога з арыштаваных не было, таму адпускайце хлопцаў!

Сяргей Бульба (злева) падчас трэніроўкі спартова-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён». Фота з асабістага архіву

Я размаўляў з былым украінскім камандзірам палка, што служыў у Крыму. На маё пытанне, чаму не стралялі ў Крыму, ён адказаў: «Мы псіхалагічна не былі гатовыя». А чаму ў Данецку пачалася страляніна? «А там ужо з’явіліся нацыяналісты, якія парушылі баланс, прагучаў першы стрэл, пайшла страляніна з другога боку – уключыліся іншыя алгарытмы паводзінаў». Вось і ў нашай сітуацыі – мэта, магчыма, запалохаць, прыбраць актыўных хлопцаў, якія могуць у пэўны момант стрэліць.

Сама сабою напрошваецца сувязь паміж «справай патрыётаў» і тым, што насоўваюцца беларуска-расейскія вучэнні «Захад». Ці нехта нешта хоча паказаць гэтай справай?

Я дапускаю шмат варыянтаў. Паводле самага брутальнага – у Расеі ад часоў позняга Ельцына прынялі рашэнне спакойна, ціха, павольна ўцягваць Украіну ды Беларусь у склад Расеі, фактычна аднаўляць Савецкі Саюз. Расейскія спецслужбы спадзяваліся, што Лукашэнка будзе рады гэтым займацца. Яны пралічылі, і не памыліліся, што ён цалкам савецкі чалавек. Цяпер ад нас у гэтай гульне ўжо нічога не залежыць.

Калі зараз Пуцін дамовіцца з Лукашэнкам пра здачу краіны, мы пра гэта даведаемся постфактум. Перад вучэннямі вельмі актуальным становіцца прыбраць з войска «дрожджы» – той элемент, што можа актываваць працэс. Заўважце, колькі нашых выхаванцаў-афіцэраў арыштавана.

Што Вы думаеце пра сцэнар «Захаду»: пра фікцыйныя дзяржавы, што сталі мемамі ў інтэрнэце? Ці Вас забаўляе Вейшнорыя?

Я бы адзначыў тут два аспекты. Неяк, калі я ўжо быў курсантам Ваеннай вучэльні, я прыехаў да сваёй бабулі, і маляўніча ёй распавядаю, што адбылася аварыя, хлопцы пацярпелі, паказваю на сябе, дзе хто якія траўмы атрымаў. На што бабуля б’е мяне па руках, і кажа – што робіш? Хто на сваім целе паказвае?! Акурат радасць ад Вейшнорыі – гэта фактычна на целе сваёй дзяржавы паказваць траўмы. Гэта кепска, гэта неразумна, гэта – «магія дзяржаўнасці». Так не мусіць быць.

Сяргей Бульба ў Індыі. Фота з асабістага архіву

Але ёсць і аспект, які падкрэслівае пазітыўны бок: вельмі шмат людзей хочуць зменаў. Вельмі шмат людзей хочуць актыўна ўключыцца ў дзяржаўнае будаванне. Я толькі з гэтым звязваю іхны аптымізм і радасць.

Сяргей Пальчэўскі, адзін з фігурантаў справы, пераехаў ва Украіну, дзе далучыўся да добраахвотнікаў, якія на Данбасе абараняюць Украіну ад сепаратыстаў. Пачалася дыскусія, ці слушна ён зрабіў. Што бы Вы сказалі тым маладым хлопцам, якія думаюць пра тое, ці не паехаць на Украіну паваяваць супраць сепаратыстаў?

Цяпер гэта пазбаўлена ўсялякага сэнсу, таму што сапраўды актыўнай фазы няма. Хлопцы не набудуць ніякіх патрэбных ведаў. Мая рэкамендацыя, калі асоба адчувае ў сябе прагу да вайсковай службы, калі ласка – вайсковыя вучэльні. Гэта будзе значна больш карысным.

Але, магчыма, гэта былі ягоныя ўцёкі, крык душы. Ён уцёк за мяжу ад пэўнага ціску, магчыма, падобнага да Вашай сітуацыі, як і Вы з’ехалі некалькі год таму.

Хутчэй за ўсё, так і ёсць, што гэта сапраўды крык душы.

Пасля выезду з Беларусі Вы нейкі час жылі ў Тыбеце, потым ува Украіне. Як цяпер выглядае Вашае жыццё?

Любая падзея мае два бакі. З пазітыўнага – я бы ніколі не набыў тых ведаў, якія мне прыйшлося набываць падчас пабудовы бізнесу. У мяне IT-бізнес, які мне прыйшлося асвоіць толькі дзякуючы таму, што я апынуўся за межамі радзімы. Я бы раіў хлопцам тое самае: калі ўдома няма рэалізацыі, няма чаго сядзець у багне. Выязджайце, бярыцеся за новае, асвойвайце новыя прафесіі, потым заўсёды зможаце вярнуцца на радзіму больш разумнымі, больш запатрабаванымі.

Мой стары сябар працаваў у раённым шпіталі медыкам. Я глядзеў на ягоны лёс са здзіўленнем, бо патэнцыйна ён быў цікавы хлопец, але жыццё ў раённым гарадку – ніякай перспектывы. І раптам ён знік, я доўга яго не бачыў. Праз гадоў восем-дзевяць я яго сустрэў і быў проста ў захапленні. Я ўбачыў перад сабою сапраўднага ваяра, які адслужыў два кантракты ў Французскім легіёне. Ён засвоіў некалькі моваў, стаў доктарам медыцыны. А каб застаўся на радзіме, у сваім раённым гарадку, быў бы шэранькім, звычайным чалавечкам.

Што мусіла бы адбыцца, каб Вы маглі вярнуцца ў Беларусь?

Я бы вельмі цешыўся, каб быў запатрабаваны на сваёй радзіме, каб спатрэбіліся мае веды. Я адкрыты да дыялогу заўсёды.

«Справа патрыётаў» таксама адкрытая. Вашых сяброў, былых паплечнікаў практычна абвінавачваюць у крымінальных злачынствах.

Я не бачу падставаў для гэтых злачынстваў, таму вельмі шчыра спадзяюся, што ўлады знойдуць у сябе рэшткі сумлення, каб закрыць гэтую справу. Што тычацца сітуацыі ў Беларусі, да ўладаў мусіць дайсці, што яны не ўтрымаюць сітуацыю. Калі кіраўнік дзяржавы дапускае, што ёсць нейкая пятая калона, ёсць «сапраўдныя» беларусы, ягоныя халопы, якія паважаюць пана – дабром гэта ўсё не скончыцца.

Размаўляў Сяргей Пеляса

Размова з Сяргеем Бульбам выйшла ў эфіры ў выданні праграмы «Прасвет» 8 верасня

Стужка навінаў