Лічбавы танк замест іржавага трактара

video

На фоне крызісных зʼяваў у беларускай эканоміцы, выкліканых абвалам расейскай гаспадаркі, ёсць і навіны пазітыўныя. Кампанія «Wargaming», чый асноўны цэнтр распрацовак месціцца ў Менску, распачала маштабныя структурныя змены.

Стваральнікі онлайн гульняў «World of Tanks», «World of Warplanes» і «World of Warships» маюць аўдыторыю гульцоў у 150 млн чалавек па ўсім свеце і абʼядноўваюць больш за чатыры тысячы працаўнікоў у пятнаццаці офісах у розных краінах.

Кампанія разраслася. Таму «Wargaming» адмаўляецца ад прынцыпу, калі кожная студыя робіць нейкую пэўную гульню, і пераходзіць на размеркаваную сістэму дэпартаменту распрацоўкі. Размеркаваная сістэма – яна як Інтэрнэт, не мае адзінага кіроўнага цэнтру, функцыі і рэсурсы размяркоўваюцца між мноствам вузлоў. Дзе геаграфічна знаходзяцца працаўнікі «Wargaming», стане яшчэ менш важным.

КІРЫЛ СТАДНІК, АПЕРАЦЫЙНЫ ДЫРЭКТАР WARGAMING.NET:

«ІТ-сектар менш залежыць ад нейкіх знешніх фактараў, палітычных фактараў, ты проста робіш свой прадукт і потым вырашаеш, дзе яго прасоўваць, у якім рэгіёне, альбо ва ўсіх рэгіёнах адразу».

«Wargaming», чый кошт ацэньваюць мінімум у $1,5 млрд – не адзіны паспяховы ІТ-праект беларускага паходжання. У нас стварылі месэнджэр Viber, якім карыстаюцца 100 млн зямлянаў, і мабільную аплікацыю MSQRD, якую потым набыў Facebook. Айцішнікі ў Беларусі атрымліваюць заробак у 5 разоў вышэйшы за сярэдні.

ЯРАСЛАЎ ТАМІЛЬЧЫК, ДЫРЭКТАР HR МЕНСКАЙ ШТАБ-КВАТЭРЫ «EPAM SYSTEMS»:

«Найважнейшымі зʼяўляюцца па-ранейшаму дастаткова моцная школа падрыхтоўкі прафесійных інжынераў. Вельмі важным фактарам зʼяўляецца палітыка дзяржавы адносна ІТ-індустрыі».

А канкрэтна, стварэнне Парку высокіх тэхналогіяў. Тут няма беспрацоўя, і эканамісты прагназуюць рост капіталу на 25% толькі за сёлета. Менскі аналаг Крэмніевай даліны дае краіне 1,5%. Валавога ўнутранага прадукту. Рынак развіваецца так імкліва, што па прыбытках экспарту ІТ-паслугаў на душу насельніцтва Беларусь перагнала Індыю і Расею. Наш інфармацыйны сектар можа стаць рухавіком перабудовы ўсёй эканомікі, кажа стваральнік Парку.

ВАЛЕРЫЙ ЦАПКАЛА, ДЫРЭКТАР ПАРКУ ВЫСОКІХ ТЭХНАЛОГІЯЎ:

«У нас няма нафты, няма газу, няма каляровых і чорных металаў. Таму зразумела, што адзінае, на што мы маглі б абаперціся ў дадзеным выпадку, гэта на інтэлект, адукацыю, здольнасці нашых людзей. Перадусім маладых людзей».

І не толькі ў сталіцы. Улады Магілёва абяцаюць да канца года стварыць першы ў вобласці ІТ-бізнес-інкубатар. З дапамогай ільготаў туды будуць запрашаць высакакласных праграмістаў і кампаніі інфармацыйнай індустрыі.

Але ёсць істотная зʼява, што адпужвае паспяховых беларускіх айцішнікаў ад вядзення буйнога бізнесу на радзіме. Рэзанансныя крымінальныя справы супраць ІТ-прадпрымальнікаў, такіх, як Віктар Пракапеня, паказалі, што ад артыкулу «незаконная прадпрымальная дзейнасць» ці «няплата падаткаў» тут ніхто не абаронены. Калі б дзяржава менш лезла ў справы прыбытковай ІТ-індустрыі, можа, тады і мільярдэр Віктар Кіслы зарэгістраваў бы «Wargaming» не на Кіпры, а ў Беларусі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары