Ліберальна-дэмакратычная партыя прапануе кампаніі «Гавары праўду!» сумесна рыхтавацца да парламенцкіх выбараў


Пра гэта 14 кастрычніка заявіў першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.

«Мы з павагай ставімся да Таццяны Караткевіч і Андрэя Дзмітрыева за тое, што, у адрозненні ад некаторых іншых апазіцыянераў, яны пайшлі на прэзідэнцкія выбары і адстойвалі сваю пазіцыю. Таму мы прапануем рыхтавацца разам да правядзення парламенцкіх выбараў 2016 году. Мы гатовыя на тое, каб абмяркоўваць кандыдатуры з кампаніі «Гавары праўду!» і Ліберальна-дэмакратычнай партыі і здымаць кандыдатуры ў супольных інтарэсах. Гэта патрэбна для таго, каб у кожнай акрузе быў кандыдат ад улады і кандыдат памяркоўнай апазіцыі. І гэтую прапанову мы робім сёння, паколькі падрыхтавацца да парламенцкіх выбараў трэба сёння, а ня заўтра ці паслязаўтра».

Гайдукевіч сказаў, што мінулая прэзідэнцкая кампанія была толькі прэлюдыяй да галоўнай кампаніі, а менавіта – парламенцкай кампаніі 2016 году. «Мы хочам вярнуць беларускаму парламенту тое месца, якое ён павінен займаць. У гэтым парламенце павінна дыскутавацца адна галоўная праблема: краіне патрэбныя перамены», – заявіў ён.

Гайдукевіч падкрэсліў, што такую прапанову Ліберальна-дэмакратычная партыя робіць толькі памяркоўнай апазіцыі.

Гайдукевіч заклікаў апазіцыю перастаць абмяркоўваць, хто «агент КДБ», а хто «спарынг-партнёр». На ягоную думку, апазіцыі трэба абавязкова аб’яднацца, бо ўлада пойдзе на выбары адной калонай. «Таму і нам неабходна таксама яднанне», – дадаў ён.

Кампанія «Гавары праўду» не пагадзілася на прапанову Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

«Мы адкрытыя для будавання кааліцыі на парламенцкія выбары 2016 году з дэмакратычнымі сіламі, арганізацыямі і рухамі. Нягледзячы на яе назву, Ліберальна-дэмакратычную партыю Беларусі мы ня лічым дэмакратычнай арганізацыяй. Мы перакананыя, што падчас прэзідэнцкіх выбараў Сяргей Гайдукевіч працаваў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі. Таму ніякіх падставаў для сумесных дзеянняў падчас парламенцкай кампаніі мы ня бачым», – сказаў Свабодзе кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.

belsat.eu, паводле svaboda.org

Стужка навінаў