Льготныя кватэры – дзецям чыноўнікаў, а не для народу


«Усе роўныя, але некаторыя роўныя больш, чым іншыя», – гэтыя словы Джорджа Орўэла, напісаныя 70 гадоў таму, усцяж актуальныя для Беларусі.

У горадзе Бяроза амаль тры тысячы людзей чакаюць сваёй чаргі на паляпшэнне жыллёвых умоваў. Аднак гэтая праблема абмінула Дзяніса Наркевіча, сына былога старшыні Бярозаўскага райвыканкаму – Юрыя Наркевіча.

«Я не ведаю, якія ён мае адносіны да Бярозы. Але ведаю, што гэты чалавек мае рэгістрацыю ў Берасці, у берасцейскай кватэры. І як ён атрымаў кватэру тут, як той, хто мае патрэбу ў жытле, я не разумею», – абураецца Мікіта Якушык, жыхар Бярозы.

Два гады таму мясцовыя ўлады зруйнавалі прыватны дом на вуліцы Піянерская, каб узвесці шматпавярховы 60-цікватэрны дом. Быццам для тых, хто стаіць у чарзе, бо мае патрэбу ў жытле. Сярод тых, хто мае патрэбу, аказаўся і сын галоўнага «вертыкальніка» Бярозы.

«У гэтым новым доме атрымаў кватэру нашага Наркевіча сын. Гэта ж якое трэба мець нахабства, каб ніякіх законаў не баяцца, не сумлення людскога. Вось папросту нахабна так», – кажа будучая суседка навасёла.

Непразрыстыя схемы чыноўнікаў

На якіх падставах Наркевіч-малодшы трапіў у лік навасёлаў, у Бярозаўскім райвыканкаме каментаваць адмовіліся. Што праўда, хутка па атрыманні кватэры патрэба ў ёй у сына мясцовага чыноўніка раптам знікла. Бо амаль адразу пасля заканчэння будаўніцтва Дзяніс Наркевіч выставіў жыллё на продаж за $ 41 тыс. І, як цвердзіць сам нашчадак чыноўніка, у кватэры ён увогуле не жыў.

«Абсалютна ўсё новае. Папросту не патрэбная аказалася. Пераязджаем». – распавёў Дзяніс Наркевіч.

Куды пераязджае Дзяніс Наркевіч, ён не распавёў. Але, магчыма, у Берасце, куды ягонага бацьку адправілі на падвышэнне – кіраваць справамі аблвыканкаму.

Першым, хто гучна выказаў сумневы ў празрыстасці схемаў з кватэрамі чыноўнікаў ды іх родных, быў актывіст Сяргей Пятрухін, які на сваім блогу «Народны рэпарцёр» размяшчае матэрыялы датычныя дзейнасці чыноўнікаў.

«Магчыма яны набылі яе законна, а магчыма і не. Бо чыноўнікі нам не даюць справаздачаў пра сваю маёмасць і свае заробкі. І вось гэта трэба правяраць. Тым больш, я думаю ў гэтым доме магчыма і не адна такая кватэра», – зазначыў блогер Сяргей Пятрухін.

Адабралі дом у сямʼі, каб пабудаваць падʼезд да свайго

Аднак не толькі кватэра Дзяніса Наркевіча выклікае цікавасць, але і гісторыя, як гэты шматпавярховік паўстаў.

«Нашую зямлю і дом забралі на дзяржаўныя патрэбы. Каб пабудаваць на гэтым месцы дом на 60 кватэраў. Але, як паказаў час, дом гэтак і не пабудавалі. Дом побач пабудавалі, а не на маім надзеле», – сведчыць Аксана Якушык, былая жыхарка вуліцы Піянерская.

Як цвердзіць муж спадарыні Якушык, дом зруйнавалі не з прычыны будовы новага мікрараёну, а, хутчэй, для пракладкі дарогі да прыватных катэджаў высокіх чыноўнікаў Бярозы.

Крадзеж, збіццё… адказнасць?

«Справа ў тым, што за маім надзелам пабудавалі дамы мясцовых чыноўнікаў. Сярод якіх Уладзімір Гоган, дырэктар «Цеплапрыбораў», і Дземідовіч, дэпутат аблсавету. І ў сувязі з тым, што пад’езду да іхных дамоў няма, яны вырашылі зрабіць яе праз мой надзел, забраўшы мой дом», – патлумачыў Вадзім Якушык, яшчэ адзін былы ўласнік дому на вуліцы Піянерскай.

Сям’я Якушыкаў не была згодныя з прымусовым высяленнем з прычыны гэтак званай дзяржаўнай неабходнасці ды пачала адкрыта пратэставаць, у тым ліку пісаць на плоце свайго дварышча лозунгі кшталту: «Тут не месца для Наркевіча». У адзін з вечароў сям’ю папросту збілі прадстаўнікі міліцыі. Якія пасля тлумачылі свае брутальныя паводзіны непадпарадкаваннем з боку сям’і Якушыкаў. Здарылася гэта два гады таму, з тых часоў Наркевіч на падвышэнні ў Берасці, а міліцыянты так і не адказалі за свае дзеянні.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Стужка навінаў