Лецішча ў абмен на бел-чырвона-белы сцяг


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=ecrUnxYG5-w&feature=youtu.be”][vc_column_text]Ніна Багінская, нязломная жанчына з нацыянальным сцягам у руках – такой яе ведае, бадай, кожны беларус – удзельнік апазіцыйных акцыяў. Сёння апошні дзень, калі спадарыня Багінская мусіла выселіцца са свайго лецішча на патрабаванне суда. Але актывістка не здаецца і называе дзеянні ўладаў незаконнымі.

«Гэта зімовае, шмат галінак прапала, але родзіць. Бо канадскія сарты ўсё ж не для нашых шыротаў», – распавядае «Белсату» з замілаваннем і любоўю Ніна Багінская пра свой сад, які яна гадуе ўжо больш за 20 гадоў.

Лецішча ў кааператыве «Геолаг-СМ» у Смалявіцкім раёне, разам з кветкамі, невялікай хацінкай і агародам, сёння меліся заняць судовыя выканаўцы.

НІНА БАГІНСКАЯ, АКТЫВІСТКА: «Я не ведаю, ці я першая. Але праз тое, што я катэгарычна не пагаджаюся сплочваць штрафы, улада злуецца. Яна цяпер эканамічна няздольная і яна жыве за кошт вось гэтых штрафаў».

Яшчэ ў траўні гэтае лецішча было арыштаванае, апісанае і выстаўленае на продаж за Br 100 млн да дэнамінацыі. Іншая нерухомасць актывісткі – у Пухавіцкім раёне – пакуль толькі арыштаваная. Канфіскацыяй дзяржава карае Багінскую за нявыплату штрафаў, накладзеных на актывістку за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Спадарыня Ніна налічыла каля 10 такіх справаў, агульная сума спагнанняў за якія складае 75 млн. Частка пенсіі актывісткі і так штомесяц ідзе на пагашэнне. Таму канфіскацыі лецішча абурае нават суседзяў Багінскай.

СЯРГЕЙ, СУСЕД : «Што тут арыштоўваць? Якое тут багацце? Божа мой…».

У сваю чаргу Багінская прынцыпова адмаўляецца выплачваць штрафы ды не спяшаецца выконваць пастановы суда, бо папросту называе існы палітычны рэжым нелегітымным і антынародным. У апошняга зрэшты апетыт як відаць толькі расце. З менскай кватэры Багінскай, дзе жывуць яе дзеці, судовыя выканаўцы ўжо канфіскавалі бытавую тэхніку. Тады ж стала вядома і пра арышт, накладзены на два дачныя ўчасткі актывісткі. На свае пратэсты ў пракуратуры і заявы ў суды Багінская атрымлівае толькі фармальныя адпіскі.

АЛЕГ ВОЛЧАК, ПРАВААБАРОНЦА: «Вядома, што гэта палітычная справа, каб запужаць людзей. Каб яны не хадзілі на дэманстрацыі і пікеты».

Ааднак і цяпер, нягледзячы на штрафы, ад удзелу ў вулічных акцыях легендарная актывістка не адмаўляецца. У прыватнасці 27 ліпеня Багінская разам з «Маладым фронтам» адзначыла гадавіну падпісання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. На жаль, і ў той дзень без «пратаколу» не абышлося.

НІНА БАГІНСКАЯ, АКТЫВІСТКА: «Бел-чырвона-белы сцяг таксама не забаронены. За што мне большае за трыманне сцяга – як яны пішуць у пратаколах на рас мове «демонстрировала бело-красно-белый флаг».

А гэта галоўная маёмасць, якую ў Ніны Багінскай не забраць. З нацыянальным сцягам легендарная актывістка прыходзіць на вулічныя акцыі больш за чвэрць стагоддзя.

Вольга Саўле, belsat.eu

Стужка навінаў