Летні антыгід. Куды не ехаць беларусу?


Мы падрыхтавалі для вас адмысловы адпачынкавы антыгід: хто і куды не раіць ездзіць адпачываць.

На сёння Міністэрства замежных справаў Беларусі не мае спісу краінаў, непажаданых для турыстаў. Але ў Еўразвязе ў «чорны спіс» небяспечных краінаў да Сірыі, Іраку і Лівіі дадалі Алжыр, Туніс і Ліван. Там вялікая небяспека тэрактаў і выкраданняў з боку ісламістаў.

У Егіпце і Турцыі ўсё ж больш спакойна, асабліва калі абмежаваць адпачынак курортнымі зонамі.

«Турцыя таксама стала ў пэўнай ступені небяспечнай з пункту гледжання тэрарызму краінай, але былі выпадкі ў Стамбуле, былі выпадкі ў правінцыі, але на курортах усё абсалютна спакойна», – гаворыць Лілія Кобзік, рэдактарка газеты «Туризм и отдых».

Афіцыйны Менск не падтрымлівае палітычную забарону Расеі на наведванне Егіпту і Турцыі ды не забараняе чартэрныя рэйсы з Менску ў гэтыя краіны. А вось Крым сёлета зноўку пралятае. Авіярэйсаў туды няма, цягніком не дабрацца, а каб даехаць аўтобусам ці аўтамабілем, трэба атрымліваць дазвол у Кіеве.

Пры гэтым легальна трапіць на анексаваны паўвостраў можна выключна праз Херсонскую вобласць.

Што да самога Еўразвязу, то Дзярждэп параіў амерыканцам не наведваць Сусветныя дні моладзі ў польскім Кракаве, а таксама не ісці на футбольныя матчы ў Францыі. Паводле Вашынгтону, сустрэча маладых каталікоў з Папам Рымскім і Чэмпіянат Еўропы па футболе – патэнцыйныя мэты для тэрарыстаў.

Аднак і Польшча, і Францыя абяцаюць падвышаныя захады бяспекі і добрую святочную атмасферу.

Калі ж вы сабраліся ляцець у Бразілію на Алімпійскія гульні, то памятайце, што ў Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыцы працягвае распаўсюджвацца вірус Зіка, што перадаецца і праз камароў, і палавым шляхам.

Але найважнейшая рэкамендацыя для любога адпачынку – менш баяцца і больш радавацца жыццю!

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Стужка навінаў