Летась амаль тысяча дзяўчынак-падлеткаў нарадзілі дзяцей, 360 – зрабілі аборты


У мінулым годзе ў Беларусі амаль тысяча дзяўчынак-падлеткаў нарадзілі дзяцей і 360 перапынілі цяжарнасць, паведаміла на прэс-канферэнцыі 28 траўня ў Менску галоўны педыятр Міністэрства аховы здароўя Валянціна Ваўчок.

Паводле яе слоў, найбольш вострыя праблемы, якія сёння турбуюць медыкаў і непасрэдна адбіваюцца на стане здароўя дзяцей, з’яўляюцца ў большай меры сацыяльнымі, чым медычнымі, паведамляюць naviny.by са спасылкай на БелаПАН.

Сярод іншых праблем, якія адбіваюцца на здароўі маладога пакалення, педыятр адзначыла «раннюю алкагалізацыю падлеткаў», развіццё ў іх тытунёвай і наркатычнай залежнасці. «Колькасць непаўналетніх, якія стаяць на ўліку ў нарколагаў, несуцяшальныя. Па ўзроўні падлеткаў, якія рэгулярна паляць, Беларусь сёння, на жаль, знаходзіцца сярод краін-лідараў», – падкрэсліла Ваўчок.

Дакладных лічбаў спецыялістка агучыць не змагла. Раней паведамлялася, што рэгулярна паляць у Беларусі больш за 65 % студэнтаў і школьнікаў, падае tut.by.

Дадзеныя сацыялагічных апытанняў сведчаць, што больш за 8% беларусаў упершыню спрабуюць моцны алкаголь у 11-14 гадоў, 33% – у 15-17 гадоў, 3% апытаных сістэматычна ўжывалі алкаголь у 14-15 гадоў, 4,5% – у 16-17 гадоў.

МЯ, паводле naviny.by, tut.by

Глядзі таксама
Каментары