«Летапіс Подзвігу» у Горадні: Сталін, Геніюш і працоўныя медалі замест вайсковых


У гарадзенскім Новым замку прайшла сустрэча з ветэранамі. Карэспандэнт Belsat.eu наведаў імпрэзу.

Аўтарамі ініцыятывы «Чытаем разам – Летапіс вялікага Подзвігу» выступілі абласная бібліятэка, гістарычны праект БРСМ «Жывая Гісторыя» ды гарадскія ідэолагі. Па факце гэта ўрачыстае віншаванне ветэранаў, выстава кніг беларускіх аўтараў, прысвечаных вайне, ды чытанне вершаў і прозы на тую ж тэму.

Варта аддаць арганізатарам належнае: усё ад пачатку да канца было па-беларуску, а падчас пераліку аўтараў, якія пра вайну пісалі, не забыліся нават на Святлану Алексіевіч.

Разам з тым, курёзна ў кантэксце мерапрыемстве гучала згадка Ларысы Геніюш, якая пасля вайны разам з мужам была прыгавораная да 25 гадоў лагераў акурат за подпіс калектыўнага звароту да Гітлера ў 1941-м ды публікацыі ў пранямецкім беларускім друку.

Побач з імправізаванай сцэнай цягам мерапрыемтсва знаходзіўся намёт «палявой пошты» са шматлікімі партрэтамі Сталіна ды цэлым стосам газетаў з «правадыром народаў» на галоўнай старонцы. Супрацоўніцы пошты – маладыя дзяўчаты – былі апранутыя ў стылізаваныя гімнасцёркі ваенных гадоў.

Ветэранаў на мерапрыемстве сабралася каля дваццаці асобаў. Цікава, што ў той час як моладзь збольшага хадзіла з прышпіленымі стужкамі «яблычнага цвету», ветэраны выкарыстоўвалі георгіеўскую стужку.

Сярод медаляў сустракаюцца працоўныя ды юбілейныя

Шчыра кажучы, так і не было зразумела, ці ўсе сабраныя ў першым шэрагу сталыя людзі – рэальныя ўдзельнікі вайны. Сумнеў выклікаюць камплекты ўзнагарод некаторых з іх: згодна з узнагародамі, гэта ветэраны савецкай працы, але зусім не вайны. Не абышлося і без ветэранаў Міністэрства дзяржаўнай бяспекі (МДБ).

У ніжнім шэрагу – медаль МДБ

Унутры будынку бібліятэкі ветэранам налілі традыцыйныя «франтавыя сто грамаў», на вуліцы чакала толькі закуска ў выглядзе бутэрбродаў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў