Лешэк Шарэпка: Маскве важна, каб у Беларусі была стабільнасць




Пра беларускамоўных у Беларусі, сайт Цэнтвыбаркаму і планы Расеі захапіць Беларусь Сяргей Пеляса размаўляе з амбасадарам Польшчы ў Беларусі ў 2010–2015 гг. Лешэкам Шарэпкам.

Сяргей Пеляса: Перад тым, як прыехаць у Беларусь, вы былі першым сакратаром польскай амбасады ў Маскве – і ведаеце Расею вельмі добра. Ці ўспрымае яна Беларусь усур’ёз?

Лешэк Шарэпка: Мяркую, Беларусь з’яўляецца для Расеі своеасаблівым малодшым братам, да якога трэба ставіцца з вялікай дозаю цярплівасці і паблажлівасці. У Беларусі – вельмі цікавае геапалітычнае месца, яе значэнне для Расеі вельмі вялікае, яна не можа яе ігнараваць Беларусь.

У апошнія тыдні расейскія медыі ўзнавілі атаку на Беларусь – спачатку на незалежных гісторыкаў, потым – на афіцыйныя ўлады. Як вы ўспрымаеце чарговы раўнд гэтай атакі?

Не ведаю, ці гэта можна назваць атакаю – гэта змена інфармацыйнага поля: Расея імкнецца да большага ўплыву на палітыку Беларусі. Ад 2014 года сітуацыя на ўсход ад Польшчы дыяметральна змянілася. Мы разумеем важнасць таго, што адбываецца ўва Украіне, бо гэта вызначае падзеі на тэрыторыі ўсяго былога СССР. Мы бачым, што кіраўніцтва Крамля хоча ў большай ступені кантраляваць палітыку сваіх суседзяў.

У апошні час поле манеўру беларускага прэзідэнта значна звузілася. Гэтая атака або любыя праявы крытыкі з боку расейскіх медыяў у дачыненні да Беларусі сведчаць пра спробу яшчэ больш звузіць межы дзеянняў Лукашэнкі.

Апошнім часам меркаванні эксперты падзяліліся. Палова лічыць, што Лукашэнка – даволі суверэнны ў сваіх рашэнняў: ён не прызнаў Крым і спрабуе лавіраваць у нафтагазавых пытаннях з Масквой. Другая палова кажа, што Лукашэнка – марыянетка Крамля, які гандлюе беларускай незалежнасці. Хто з іх мае рацыю?

Мяркую, праўда недзе пасярэдзіне. Тут пытанне – у якіх галінах ёсць магчымасць дзеянняў для Лукашэнкі.

Што Лукашэнка можа сабе дазволіць на сёння?

Мяркую, у стратэгічных пытаннях – дачыненнях з Захадам, вайсковых справах – ягонае поле манеўру вельмі абмежаванае, ува ўнутранай палітыцы ён мае вялікае поле для дзеянняў, бо для Масквы важна каб у Беларусі была стабільнасць. Калі дзеянні Лукашэнкі ідуць у напрамку захавання стабільнасці, то Маскве гэта не перашкаджае.

Апошнім часам шмат хто пужае беларусаў паўторам украінскага сцэнару. Магчыма, Пуціну да выбараў 2018 года спатрэбіцца маленькая пераможная вайна. Наколькі рэальная з вашага пункту гледжання гэткая радыкальная змена стаўлення да Беларусі, анексія ды ўзяцце Беларусі пад татальны кантроль?

Не думаю, што такое рашэнне было прынятае напярэдадні выбараў у Расеі. Але гэтая справа залежыць ад паводзінаў Лукашэнкі, развіцця сітуацыі ў Еўропе. Калі гэтае развіццё не будзе згоднае з тым, як яго сабе ўяўляе Расея, Крамлю будзе патрэбны нейкі поспех – анексія Беларусі магла б стаць такім поспехам, якога можна было дасягнуць невялікімі сродкамі.

Якое значэнне ў захаванні незалежнасці Беларусі мае беларуская мова?

Мяркую, яна мае ключавое значэнне – гэта адзін з тых фактараў, які вызначае беларускую нацыянальную свядомасць. А без гэтага ў нашым рэгіёне ў сучаснай геапалітычнай сітуацыі будзе вельмі цяжка захаваць суверэннасць і ўласную тоеснасць.

Пасля падзеў ува Украіне шмат хто кажа, што мова не грае важнай ролі: на Майдан выйшла шмат расейскамоўных, па-расейску размаўляюць мноства добраахвотнікаў…

Мяркую, сітуацыя ўва Украіне адрозніваецца ад беларускай – нацыянальная свядомасць украінцаў развітая нашмат больш, чым у беларусаў. Украінцы маюць уласны П’емонт – Галіцыю на захадзе, з моцнай нацыянальнай свядомасцю. Беларусы гэтага не маюць, вы доўгі час знаходзіліся пад вельмі моцным уплывам Расеі. Расейская мова доўгі час – і да сёння – застаецца формаю сацыяльнага авансу для мноства людзей. На вёсцы яны размаўляюць па-беларуску, пераязджаючы ў горад – мусяць пераходзіць на расейскую. І гэта вельмі небяспечна, бо нацыянальнае можа растапіцца ў гэтым расейскім моры.

Мы бачым, што расейскую і беларускую мовы не трактуюць у Беларусі раўнапраўна: шмат якія міністэрствы, установы, Цэнтрвыбаркам не парупіліся пра тое, каб весці свае сайты на двух мовах. Гэта сведчыць пра тое, што яны прыніжаюць ролю беларускай.

Памятаеце вядомае выказванне Лукашэнкі, што «той, хто не ведае расейскай – не мае розуму, хто не ведае беларускай – не мае душы»? Для прэзідэнта мовы павінныя быць раўнапраўныя, але ўвесь час беларускую ў Беларусі дыскрымінуюць. На маю думку, этнічных беларусаў, якія выкарыстоўваюць беларускую мову, трактуюць як меншасць ува ўласнай краіне.

Поўную версію размовы глядзіце ў выданні праграмы «ПраСвет».

Стужка навінаў