Лешчанка: відэа забойства Шарамета «зліла» пракуратура


Паводле словаў украінскага дэпутата відэаматэрыял ад самага пачатку быў «на руках ува ўсіх паліцыянтаў».

Народны дэпутат Сяргей Лешчанка заявіў тэлеканалу «112 Украіна», што да публікацыі ў інтэрнэце відэа з месца забойства Паўла Шарамета датычныя супрацоўнікі Генеральнай пракуратуры Украіны. Дэпутат назваў абурэнне генпракурора Юрыя Луцэнкі з нагоды «зліву» відэа ў сеціва «тэатральным».

Луцэнка паабяцаў з ганьбай звольніць праваахоўнікаў, якія «злілі» відэа з матэрыялаў следства па забойстве Шарамета.

«Спадар Луцэнка кажа, што ён абураны публікацыяй відэа. На самой справе гэтае відэа ёсць на руках ва ўсіх, і яго адкрыта паказваюць пры апытаннях сведкаў. Таму абурэнне гэтае – тэатральнае. Я думаю, што той, хто «зліваў», знаходзіцца ў самой Генпракуратуры. Я думаю, што гэта сама Генпракуратура і зрабіла», – выказаўся палітык.

24 ліпеня кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Хація Деканаідзэ заявіла, што ў ведамстве праводзіцца службовая праверка паводле факту публікацыі відэа.

Павел Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху аўтамабіля, якім журналіст ехаў на працу.

Цягам некалькіх гадзінаў у сеціве з’явілася відэа з момантам выбуху.

На наступны дзень у інтэрнэце з’явіліся кадры з камераў назірання, на якіх зафіксаваны момант прымацавання выбуховага прыстасавання да аўта журналіста.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў