Лепшыя месцы ў Менску: ад радзільні №1 да Маскоўскіх могілак…


Незвычайны кніжны гід з’явіўся ў менчукоў і турыстаў. “Наш стары добры Вавілон. Прагулка па горадзе ў Мінскіх гісторыйках” Міхаіла Валодзіна выйшла па-беларуску і па-нямецку. Акрамя гэтага ў кнігі ёсць руская і ангельская версіі, плануюцца польская і на ідыш ці на іўрыце.

“Белсат” распытаў знаўцу сталічных гісторыек пра самыя лепшыя месцы ў Мінску ягонага юнацтва.

Дзе лепш за ўсё нарадзіцца?

– У радзільні №1 па вуліцы Валадарскага. Гэта быў вельмі добры раддом: умовы, дактары. Я нарадзіўся ў руках цудоўнай акушэркі Ганны Юльянаўны Іргер. На галоўнай алеі Вайсковых могілак – магіла прафесара Іргера. Гэта ейны бацька. У Менску доктарскія дынастыі – у асноўным габрэі. Сёння гэтага раддома няма. Хоць 3-павярховы будынак з калонамі захаваўся.

Міхаіл Валодзін
Міхаіл Валодзін

 

Дзе вучыцца?

Самая галоўная школа – №42. Яна знаходзіцца на Камсамольскай насупраць Клуба Дзяржынскага, што ў КДБ. Адразу пасля вайны яна была ў Доме губернатара, дзе музычны ліцэй на плошчы Свабоды. Затым у знесеным будынку па дыяганалі ад цырка. Школу скончылі лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы Жарэс Алфёраў, прэзідэнт Акадэміі фізкультуры, легенда мінскага андэграўнда Кім Хадзееў, экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў. Гэта першая элітная пасляваенная школа. Далей былі розныя спецыялізаваныя школы: матэматычная, моўныя, музычная, “Парнат”.

DSC_0197

Дзе прызначаць спатканне?

У мой час з дзяўчатамі сустракаліся “пад гадзіннікам” – пад гадзіннікам насупраць КДБ. Гэта зараз КДБ часцей стаў судакранацца з народам. Тады яны займаліся знешнай дзейнасцю альбо дысідэнтамі, якіх было мала. Таму нікому ў галаву не прыходзіла, што гэта нейкае “злое” месца. Побач было кафэ “Вясна” (цяпер “Планета сушы” на праспекце). Яно славілася эклерамі ды рознымі пірожнымі. “Пад гадзіннікам” таксама было папулярна каля Галоўпаштампа.

Дзе пазнаёміцца?

Самы масавы від забаваў – танцпляцоўкі на Трактарным заводзе, у парку Чалюскінцаў. Альбо можна на катку таксама ў тым жа парку. Гэта было месца пачатку адносінаў. І іх канца. Калі ўвечары ў той парк зайсці, то з-пад кожнага куста былі чуваць стогны. Гэта цяпер можна на машыне кудысьці паехаць, тады гэтага нічога не было…

Дзе паесці?

Такіх месцаў было няшмат. “Журавінка”: ежа была жахлівай. Смачна было ў рэстаране аэрапорта “Менск-1”. Мой любімы прывакзальны рэстаран “Радуга”. Я вучыўся на “Тэарытычнай фізіцы” ў групе з шасці чалавек. Выкладчык часта рабіў для нас заняткі там за кавай. На праспекце захавалася толькі адна назва з майго юнацтва – “Бярозка” на Круглай плошчы. Мае мама і тата хадзілі ў кафэ “Вясна”, і я туды нейкі час хадзіў. Мае дзеці туды ўжо не пойдуць. Яго даўно няма.

Кожны мінчанін марыць быць пахаваным…

…на Маскоўскіх (Усходніх) могілках. Уся эліта горада ад Машэрава да Мулявіна там. Могілкі афіцыйна зачыненыя, але там хаваюць сваякоў да сваякоў альбо вядомых людзей.

Кожнае пакаленне мінчан пачынае жыць начыста, – тлумачыць Міхаіл Валодзін. – Аднойчы я атрымаў ліст: “Вы ўсе менчане – снабы! Да вас не падыйдзеш! Мы для вас “панаехаўшыя”. Два лісты лаянкі і ў канцы: “але ўсё роўна я чытаю ўслых свайму сыну Вашу кнігу. Мы прыехалі з Асіповіч і я лічу, што дзеці павінны ведаць гісторыю месца, дзе жывем”.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў