Лепшы клуб свету прыедзе ў Беларусь, каб згуляць з БАТЭ


БАТЭ ў пяты раз згуляе ў групавым турніры Лігі чэмпіёнаў. Супернікамі чэмпіёнаў Беларусі стануць іспанская «Барсэлона», нямецкі «Баер» з Леверкузена і італьянская «Рома». Гэта стала вядома пасля лёсавання Лігі чэмпіёнаў у Манака.

У цяперашняй кваліфікацыі беларускі клуб выйграў у ірландскага «Дандалка» (2:1 дома, 0:0 у гасцях), венгерскага «Відэатона» (1:1 у гасцях, 1:0 дома) і «Партызана» з Сербіі (1:0,1:2).

Сярод будучых супернікаў БАТЭ будзе «Барсэлона» (дзеючы пераможца Лігі чэмпіёнаў, якому наш клуб двойчы саступіў у 2011 годзе з лікам 0:5 і 0:4).

Упершыню ў галоўны клубны футбольны турнір кантыненту лепшы клуб Беларусі трапіў у 2008 годзе, абыграўшы ў кваліфікацыі балгарскі «Леўскі» (1:0,1:1). Аднак тады БАТЭ саступіў мадрыдскаму «Рэалу» (0:2,0:1) і двойчы згуляў унічыю (2:2 0:0) з італьянскім «Ювэнтусам» з Турына ды набраў ачко ў супрацьстаянні з «Зенітам» з Расеі (1: 1, 0: 2).  У тым годзе барысаўскі клуб набраў тры балы і завяршыў турнір на апошнім чацвёртым месцы.

Наступны шанец давялося чакаць два гады. У кваліфікацыі БАТЭ  абыграў «Штурм» з Аўстрыі (1:1, 2:0), але набраў толькі тры ачкі, і зноў апынуўся на апошнім месцы ў сваёй групе. Супернікамі нашага чэмпіёна тады былі «Барсэлона» (0 5, 0 4), італьянскі «Мілан» (0:2, 1:1) і чэшская «Вікторыя» (1:1, 1:1).

У сезоне 2012/2013 года БАТЭ дамогся свайго лепшага выніку ў Лізе чэмпіёнаў. Пасля перамогі ў кваліфікацыі над ізраільскім «Макабі» (2:0,1:1) БАТЭ ў групе сенсацыйна абыграў спачатку французскі «Ліль», а затым і будучага пераможцу Лігі чэмпіёнаў мюнхенскую «Баварыю» (абодвух з лікам 3:1). Пасля чаго ачкоў барысаўская каманды не брала, прайграўшы «Валенсіі» (0:3, 2:4), «Лілю» (0:2) і «Баварыі» (1:4). Але гэтага хапіла, каб набраць шэсць ачкоў і заняць трэцяе месца ў групе, што дазволіла працягнуць выступ у Лізе Еўропы, тут, праўда, БАТЭ спатыкнуўся аб першы ж бар’ер – турэцкі «Фенербахчэ» (0:0, 0:1).

Наступная Ліга чэмпіёнаў выйшла для БАТЭ правальнай, перамогшы ў кваліфікацыі славацкі «Слован» (1:1, 3:1) клуб з Барысава з сухім лікам саступіў «Порту» (0:6,0:3) данецкаму «Шахцёру» (0:7, 0:5) і падзяліў ачкі з «Атлетыкам» з Іспаніі (2:1,0:2). 24 мяча прапушчаных БАТЭ гэта антырэкорд за 23 гадовую гісторыю турніру.

У групавым турніры Лігі чэмпіёнаў-2015/16 выступяць шэсць клубаў, якія прадстаўляюць рэспублікі былога СССР: украінскія «Дынама» і «Шахцёр», расейскія «Зеніт» і ЦСКА, беларускі БАТЭ і казахстанская «Астана». Праўда, у адну групу клубы з Расеі і Украіны трапіць не маглі.

Пасля выхаду ў групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў, БАТЭ зарабіў як мінімум 14 мільёнаў еўра. Па-першае, БАТЭ чакаюць 2 млн. еўра за перамогу ў раўндзе плэй-оф. Па-другое, 12 млн. еўра – за выхад у групавы этап Лігі чэмпіёнаў.Акрамя таго, у шасці матчах групавога раўнда таксама ёсць магчымасць істотна падзарабіць: за кожную перамогу УЕФА адпраўляе на рахунак клубу 1.5 млн. еўра, за нічыю – 0,5 млн. еўра.

Іншыя групы Лігі чэмпіёнаў:

  • Група «А»: ПСЖ, Рэал Мадрыд, Шахцёр Данецк, Мальме
  • Група «В»: ПСВ, Манчэстэр Юнайтэд, ЦСКА, Вольфсбург
  • Група «С»: Бэнфіка, Атлетыка, Галатасарай, Астана
  • Група «D»: Ювэнтус, Манчэстэр Сіці, Сэвілья, Барусія Менхенгладбах
  • Група «F»: Баварыя, Арсенал, Алімпіякас, Дынама Заграб
  • Група «G»: Чэлсі, Порту, Дынама Кіеў, Тэль-Макабі Авіў
  • Група «Н»: Зеніт, Валенсія, Ліён, Гент

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў