Лекар-траўматолаг: Пры сваім розуме ныраць у рэчку чалавек не будзе


Колькасць траўмаў хрыбетніка расце, але яны ўсё радзей прыводзяць да смерці. Як такіх пашкоджанняў пазбегнуць, распавядае лекар-траўматолаг Андрэй Мазурэнка.

Паводле адмыслоўцы, найчасцей траўмы спіны атрымоўваюць падчас ДТЗ, а таксама пасля падзення з вышыні. Летам, у спякотныя дні, ахвярамі становяцца нырцы.

«Ныраць можна толькі ў спецыяльна абсталяваных для гэтага басейнах. Глыбіня мусіць быць не меншаю за 4 метры. Чалавек пры сваім розуме не будзе ныраць у раку, возера, мора. У глыбіні могуць плаваць затопленыя чоўны, бярвёны, іншыя рэчы. Былі выпадкі, калі пацярпелыя натыкаліся на нейкія карчы і станавіліся інвалідамі ў месцах, дзе да гэтага дзясяткі гадоў ныралі іншыя людзі», – адзначае Андрэй Мазурэнка.

Лекар кажа, што колькасць такіх траўмаў наўпрост залежыць ад тэмпературы надвор’я – чым цяплей, тым больш пацярпелых. Як заўважае Андрэй Мазурэнка, бывала, што адначасова з траўмаю нырца лекаваліся 10 асобаў. Сёлета ж за летнія месяцы праапераваныя 9 нырцоў, што адносна няшмат.

НМ, belsat.eu, паводле Naviny.by

Глядзі таксама
Каментары