Лэдзі Гагу забаранілі ў Кітаі пасля сустрэчы з Далай-Ламам


Спявачка папоўніла чорны спіс дзеячаў культуры, няўгодных афіцыйным уладам. Пекін наважыўся на такі крок пасля сустрэчы амерыканкі з тыбецкім рэлігійным лідарам у выгнанні ў Індыянэпалісе 26 чэрвеня.

Гага і Далай-Лама сустрэліся на канферэнцыі пра дабрыню і спагаду, дзе цягам 20-ці хвілінаў абмеркавалі медытацыю, заняткі ёгай і дэтакс. Пазней Гага выклала фатаграфіі ў інтэрнэт.

Камуністычная партыя Кітая даручыла кітайскім сайтам і СМІ перастаць загружаць і распаўсюджваць ейныя творы.

Сустрэчай Гагі з Далай-Ламам абурылася не толькі чынавенства, але і шмат хто з мясцовых прыхільнікаў, якія ў каментарах пісалі, што расчараваныя ёй і што «інтарэсы краіны важнейшыя, а з Далай-Ламы трэба жыўцом зняць скуру».


Кітай апісвае ўключэнне Тыбету ў сваю тэрыторыю ў 1951 годзе як «мірнае вызваленне». Далай-Лама пасля няўдалага паўстання супраць кітайскіх уладаў збег з Тыбету і з 1959 года жыве ў выгнанні ў Індыі. Ён кажа, што дамагаецца для Тыбету не незалежнасці, а аўтаноміі. Кітай заяўляе, што Тыбет ужо мае аўтаномію, а выгнаннікі імкнуцца раскалоць краіну. Тыбетцы ў сваю чаргу вінавацяць Кітай у знішчэнні будысцкай культуры і засяленні рэгіёна этнічнымі кітайцамі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў