«Ледніковы перыяд» у адносінах Беларусі і Швецыі скончыўся. Як гэта было


Новы амбасадар Беларусі ў Швецыі Дзмітрый Мірончык заявіў, што «ледніковы перыяд» у адносінах паміж Беларуссю і Швецыяй афіцыйна скончыўся. Belsat.eu згадвае, як развівалася беларуска-шведская дыпламатычная вайна.

«Амбасадара Беларусі ў Стакгольме не было амаль 6 гадоў. Цяпер жа мы маем магчымасць сказаць, што афіцыйна «ледніковы перыяд» у дачыненнях паміж Беларуссю і Швецыяй скончыўся. Цалкам адноўлены міждзяржаўны дыялог. Мы размаўляем па ўсіх тэмах, у тым ліку па тым, па якім не пагаджаемся. Прайшлі выпрабаванне і вытрымалі яго нашыя адносіны ў экалагічнай, гуманітарнай і іншых непалітычных сферах», – заявіў сёння Мірончык, піша БелТА.

Паводле новага амбасадара, больш за ўсё ад крызісу двухбаковых адносінаў пацярпелі беларуска-шведскія эканамічныя сувязі – двухбаковы тавараабарот значна зменшыўся ў параўнанні з 2012 годам. «Але цяпер у беларускіх грамадзянаў і кампаніяў ёсць да каго звярнуцца за радай і падтрымкай у Швецыі, і мы будзем рабіць усё магчымае, каб ім дапамагчы. Менавіта на эканоміку прэзідэнт даручыў накіраваць у першую чаргу намаганні нашай амбасады», – адзначыў дыпламат.

Беларуска-шведская дыпламатычная вайна распачалася ў 2012 годзе. Belsat.eu нагадвае як развіваўся канфлікт:

  • 4 ліпеня 2012 года аднаматорны самалёт Jogel пад кіраваннем двух шведскіх пілотаў (супрацоўнікаў піяр-кампаніі Studio Total) ўварваўся ў паветраную прастору Беларусі з боку Літвы і раскідаў над беларускай тэрыторыяй некалькі сотняў цацачных мядзведзяў з лозунгамі аб свабодзе слова.

  • 6 ліпеня 2012 года ў рамках «справы плюшавых мядзведзяў» супрацоўнікі КДБ затрымалі рыэлтара Сяргея Башарымава, які раней здаваў кватэру дырэктару шведскай Studio Total Перу Кромвелу. 13 ліпеня быў затрыманы 20-гадовы студэнт журфака БДУ і рэдактар сайта bnp.by Антон Сурапін, які першым выклаў у Інтэрнэце фатаграфіі скінутых з самалёта плюшавых медзведзянятаў. Пазней ім абодвум прад’явілі абвінавачванне па ч. 6 арт. 16 («дапамаганне ў здзяйсненні злачынства») і ч. 3 арт. 371 («незаконнае перасячэнне мяжы») КК РБ.
  • Лукашэнка быў абураны плюшавым дэсантам. 31 ліпеня ён адправіў у адстаўку кіраўніка Дзяржпагранкамітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Дзмітрыя Пахмелкіна. Шэрагу сілавікоў быў абвешчаны вымовы.
  • 3 жніўня 2012 года Беларусь выслала шведскага амбасадара Стэфана Эрыксана, які 7 гадоў прапрацаваў у Менску. У Стакгольме назвалі рашэнне Аляксандра Лукашэнкі абуральным і выслалі беларускіх дыпламатаў у адказ.
  • 6 жніўня 2012 года беларускае тэлебачанне абвінаваціла Стэфана Эрыксана ў падрыхтоўцы «арабскай вясны» ў Беларусі, а беларускі МЗС заявіў, што ягоная дзейнасць была накіраваная на «разбурэнне» двухбаковых стасункаў.
  • 7 жніўня КДБ афіцыйна запрасіў у Беларусь датычных да плюшавага дэсанту шведаў «для ўдзелу ў следчых дзеяннях у якасці падазроных». Шведы ў сваю чаргу заявілі, што прыедуць толькі пры наяўнасці гарантый асабістай недатыкальнасці. Такіх гарантыяў яны не атрымалі і ў Беларусі гэтак і не з’явіліся.
  • 9 жніўня 2012 года Лукашэнка заявіў, што дыпламатычны канфлікт са Швецыяй нібыта не звязаны з плюшавым дэсантам. Адначасова ён адзначыў, што беларусы проста пашкадавалі шведскіх лётчыкаў, а Літву абвінаваціў у дапамаганні шведам. Ён таксама выступіў з пагрозамі ў адрас Літвы і Швецыі.
  • 30 жніўня 2012 года амбасада Швецыі ў Менску была закрытая. Новы амбасадар Швецыі з’явіўся ў Беларусі толькі увосень 2017 года.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў