Леанід Злотнікаў: Уводзіць капейкі няма сэнсу, бо яны хутка абясцэняцца


Дэнамінацыя наспявала даўно, мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў.

«У нас ужо такія сумы ВУП – 600-700 трыльёнаў рублёў, сукупны грамадскі прадукт ужо выходзіць маштаб квадрыльёнаў. Існуюць тэхнічныя праблемы, бо ўсе кампютарныя праграмы разлічаныя на нейкую разраднасць, трэба зрабіць круглую адзінку вымярэння. І псіхалагічна цяжка працаваць, калі ў вас заробак 15 млн – яшчэ зразумела, а вось як растлумачыць народу, як расце ВУП. Прыязджаюць замежнікі, іх шакуюць гэтыя кошты. Як у Зімбабве», – адзначае ў размове з Belsat.eu эканаміст.

Чытайце таксама >>> У Беларусі з 1 ліпеня 2016 года будзе праведзеная дэнамінацыя, закрэсляць чатыры нулі і выпусцяць манеты

Рабіць зараз капейкі няма сэнсу, бо яны хутка абясцэняцца, лічыць эксперт.

«Справа ў тым, што ў нас не бачна канца інфляцыі. У нас стан эканомікі такі, што пакуль не будзе іншай эканамічнай мадэлі, будзе працягвацца падзенне, а адсюль і дэвальвацыі і высокі тэмп росту і абнішчанне», – зазначае Леанід Злотнікаў.

Дэнамінацыя будзе праведзеная з 1 ліпеня 2016 года па 31 снежня 2016 года згодна з указам кіраўніка краіны. Грашовыя знакі ўзору 2000 года ў выглядзе банкнотаў будуць замененыя на грашовыя знакі 2009 года ў выглядзе банкнотаў і манетаў у суадносінах 10 тыс. рублёў 2000 года да 1 рубля ўзору 2009 года.

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Стужка навінаў