Леанід Заіка: Добра, што пакуль можна ставіць дыягназ, а не пісаць эпікрыз эканоміцы, якая спачыла


Актуальны стан гаманцоў беларусаў – гэта наўпроставы вынік палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. У гэтым перакананыя эксперты круглага стала ў межах незалежнага праекту «Урад для народу». У ім між іншага ўзялі ўдзел колішнія ўрадоўцы, стварыўшы своеасаблівы ценявы ўрад у вырашэнні эканамічнага крызісу. Альтэрнатыўны погляд на сітуацыю ў краіне ў матэрыяле Вольгі Жарнасек.

Старшыня Нацыянальнага банку, прэм’ер-міністр, чальцы ды дарадцы беларускага ўраду.

Усё гэта з прыстаўкаю «экс». Колішнія ўрадоўцы ўжо ў якасці незалежных адмыслоўцаў ды экспертаў сёння ставяць несуцяшальны дыягназ айчыннай эканоміцы.

Леанід Заіка, эканаміст:

«Добра, што пакуль можна ставіць дыягназ, а не пісаць эпікрыз спачыўшай эканоміцы. Цяпер мы ў крызісе. Гэта крызіс інтэлектуальны, таму што захады эканамічнай палітыкі і асноўныя мэты не пацвердзіліся».

Як вынік гэтых захадаў, якія эксперты наўпрост называюць аўтарытарнымі, – паказнікі гаспадаркі.

Паводле 8-мі месяцаў года ВУП скараціўся на 3 з паловаю адсоткі, золатавалютныя рэзервы – больш як на 170 мільёнаў, а рост інфляцыі склаў амаль 8 адсоткаў.

Стагнацыя, са словаў экс-старшыні Нацыянальнага банку Станіслава Багданкевіча, назіраецца не першы год, што яскрава паказвае дынаміка кошту нацыянальнае валюты.

Станіслаў Багданкевіч, старшыня Нацбанку 1991-1995:

«У нас у 2011-м годзе быў 3 тысячы рублёў за 1 долар. Сёння валютны курс амаль 18 тысяч – гэта ў 6 разоў упаў кошт нацыянальнай валюты».

Сёлетняе пагаршэнне эканамічных паказнікаў ды імклівае абясцэньванне «зайчыка» эксперты звязваюць найперш з сітуацыяй у Расеі. І ў гэтым бачаць адную з галоўных памылак Аляксандра Лукашэнкі.

Станіслаў Багданкевіч, старшыня Нацбанку 1991-1995:

«Мы заклалі такую вялізную залежнасць, мы страцілі суверэнітэт у эканамічнай галіне, таму сёння і пакутуем ад гэтага».

А таксама – ад нястачы замежных інвестыцыяў, падхоплівае словы колішняга старшыні Нацыянальнага банку былы віцэ-прэм’ер Беларусі Міхаіл Чыгір. На ягоную думку, айчынная прамысловасць можа стаць на ногі толькі з дапамогаю ўліванняў звонку.

Міхаіл Чыгір, былы віцэ-прэм’ер Беларусі:

«Трэба стварыць умовы для замежных інвестыцыяў. Таму што мы не ў стане падняць усю эканоміку. Нам патрэбныя замежныя інвестыцыі перадусім у вытворчую сферу, каб былі інавацыі ва ўсіх кірунках».

Дыягназ і лекаванне – відавочныя, але ці пойдзе ўрад на тэрапію ў выглядзе рэформаў пасля выбараў? Былы віцэ-прэм’ер усцяж не губляе надзеі на разважлівасць уладаў.

Міхаіл Чыгір, былы віцэ-прэм’ер Беларусі:

«Я так думаю, што мусіць быць разуменне, што той шлях, якім мы ідзем, ён тупіковы і трэба штосьці рабіць. Калі не рабіць, то будзе яшчэ горш».

У сваю чаргу эканаміст Леанід Заіка, які неаднойчы даваў парады ўрадоўцам, гэтым разам чакае разважлівасці перадусім ад выбарцаў.

Леанід Заіка, эканаміст:

«Думайце, чаго вы ідзяце на выбарчы ўчасткі, каго вы збіраецеся выбіраць. І думайце пра тое, што ў вас ёсць дзеці. Гэта самае галоўнае – адказнасць перад нашымі дзецьмі».

Бо менавіта ім калісьці давядзецца аднаўляць зруйнаваную гаспадарку ды аддаваць велізарныя пазыкі дзейнага ўраду.

Вольга Жарнасек

Глядзі таксама
Каментары