Le Figaro: ЗША і ЕЗ зацікаўленыя ў тым, каб разыграць «беларускую карту» супраць Расеі


Французскае выданне піша, што менскі аўтакрат, якога доўга лічылі «апошнім дыктатарам Еўропы», вяртаецца ў прыстойнае грамадства. Прыводзім найбольш цікавую частку артыкула П’ера Аўрыля.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка змог атрымаць немалую выгаду з падпісаных у Менску дамоўленасцяў аб спыненні агню ва Украіне. Дасягнутае можа дазволіць яму разбіць бар’ер дыпламатычнай ізаляцыі, у якой знаходзіцца яго краіна ўжо чатыры гады.

Працуючы ў беларускай сталіцы дыпламат не хавае захаплення пры выглядзе поспехаў Лукашэнкі: «Прымусіць Эштан з помпай прыехаць у Менск, нягледзячы на еўрапейскія санкцыі… Здымаю капялюш!»

На самой справе на працягу ўсяго ўкраінскага канфлікту беларускі прэзідэнт майстэрскі займаўся тым, што заўсёды было сапраўдным каньком яго дыпламатыі: ён лавіруе паміж ЕЗ і Расеяй, не настройваючы супраць сябе крамлёўскае кіраўніцтва. У адрозненні ад украінскіх рэвалюцыянераў. Акрамя таго, ён прымусіў Пуціна патрэсці кішэняй за ўступ Беларусі ў Еўразійскі звяз. Як разумны аўтакрат, ён папярэджвае насельніцтва аб небяспеках украінскага Майдана і ў той жа час напаўголаса крытыкуе паводзіны Масквы, каб не даць разгарэцца пажару. Анексія Крыму і падтрымка сепаратыстаў з Данбасу выклікала сур’ёзны непакой у Беларусі, дзе 8% (галоўным чынам на ўсходзе краіны) маюць расейскія пашпарты.

Зараз Беларусь імкнецца прыцягнуць заходнія інвестыцыі, якія першапачаткова былі прызначаныя для расейскага рынку. Паралельна з гэтым яна пашырае экспарт харчовых тавараў у Расею пасля таго, як Масква ўвяла эмбарга на пастаўкі заходніх фруктаў і малочнай прадукцыі. Хаця заходні адказ і аказаўся не вельмі маштабным, чакаць яго не прыйшлося. Так, у сярэдзіне верасня ў Менску пабывала амерыканская дэлегацыя з прадстаўнікоў Дзярждэпу і Пентагону для «разгляду перспектываў магчымага двухбаковага супрацоўніцтва ў галінах, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс». У цяперашняй покернай партыі Вашынгтон і Брусель відавочна зацікаўленыя ў тым, каб паспрабаваць разыграць беларускую карту супраць Расеі.

ЗК, belsat.eu, паводле Le Figaro і inosmi.ru

Стужка навінаў