Лазурны бераг Францыі гарыць полымем. Знішчана больш за 3000 гектараў тэрыторыі


Агонь знішчае бераг аднаго з самых папулярных і дарагіх курортаў на міжземнаморскім узбярэжжы. На паўднёвым усходзе Францыі, на Лазурным беразе ў некалькіх месцах палаюць лясныя пажары. З-за моцнага ветру полымя і дым распаўсюджваюцца з вялікай хуткасцю.

Каля курортнага гораду Сэн-Трапэ на Лазурным беразе пажар пачаўся ў панядзелак увечары. Ратаўнікі дагэтуль не могуць з ім справіцца, бо гарыць запаведны лес, куды цяжка прабрацца са спецтэхнікай. Жыхары дамоў, якім пагражае агонь, былі эвакуяваныя. Хуткасць распаўсюджання агню – каля 2 км у гадзіну.

«Полымя хутка распаўсюджваецца з-за моцнага ветру. За адну першую гадзіну пажару ўчора загарэлася прыкладна 200 гектараў. Найбольшая праблема для нас – тое, што агонь можа дасягнуць жылых раёнаў. Вядома, у першую чаргу мы зрабілі ўсё магчымае, каб папярэдзіць рызыку для людзей», – расказвае Мішэль Дзютрэ, галава каманднай кропкі пажарных у Сэн-Трапэ.

Камандны пункт французскіх пажарнікаў

Акрамя Сэн-Трапэ, лес гарыць каля Ніццы і на поўначы Корсікі. Прычына маштабных пажараў – доўгі перыяд гарачыні без дажджоў, але з моцным ветрам. У сярэдзіне ліпеня ў адным з дэпартаментаў Францыі за дзень згарэла 800 гектараў лесу з-за кінутага на ўзбочыне недакурка.

На знішчэнне агню былі дасланыя больш за 1000 дадатковых людзей персаналу. Чацвёра ратавальнікаў ужо атрымалі сурʼёзныя траўмы, яшчэ каля пятнаццаці асобаў звярнуліся па дапамогу пасля атручання дымам. Ужо зараз агулам згарэла каля 3000 гектараў прыроднай тэрыторыі.

Прэфект дэпартаменту Праванс-Альпы-Лазурны бераг Стэфан Буён у аўторак заявіў прэсе, што «агонь надзвычайна разлютаваны, і надзвычайна цяжка яго адолець». 

Пажарная машына французскіх ратаўнікоў.
Фота: Reuters

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў