Лавіў педафілаў і дылераў – злавіў дачку суддзі. Падрабязнасці справы лейтэнанта Куцко


24 студзеня «Белсат» пісаў пра гарадзенскага міліцянта, якога арыштавалі праз імавернае раскрыццё каналу пастаўкі беларускіх жаўнераў у «Данецкую Народную Рэспубліку». Перад арыштам ён паспеў запісаць відэа, якое трапіла да нашых журналістаў.

Каму перайшоў дарогу былы міліцыянт Міхаіл Куцко? Ягоная жонка лічыць, што галоўнай прычынай затрымання стала справа з Аленай Б., якая аказалася інспектарам па справах з няпоўнагадовымі ў Шчучыне. Спадарыня Наталля каментуе для «Белсата» затрыманне Міхаіла Куцко.

«Наколькі я ведаю са слоў Міхаіла, пару месяцаў таму ён рэгістраваў адзін матэрыял па парнаграфіі і патрапілася дзяўчына, якая з’яўляецца супрацоўніцай міліцыі і працуе па справах з няпоўнагадовымі ў Шчучыне. На яе старонцы знаходзіліся ролікі парнаграфічнага характару. Як потым аказалася, яе дзядзя – дзейсны суддзя, а бацька – былы суддзя. Міша распавядаў, што калі выклікаў яе да сябе, яна пачала плакаць, панікаваць, казаць, што мяне звольняць з працы, ці можна вырашыць гэтае пытанне неяк па-іншаму, пачала прапанаваць грошы. А наконт хабараў у яго заўсёды быў пункт. Наркотыкі і хабары гэта было для яго табу. Ён казаў, што прапанавала яна не ў адкрытую, а напісала на паперцы ў яго кабінеце знак долара. На што Міхаіл сказаў, што такімі справамі не займаецца».

Як распавядае Наталля, пасля гэтага яшчэ ў верасні Міхаіл ездзіў у Менск, дзе атрымаў ліст удзячнасці за адданую працу менавіта па справах парнаграфіі, збіраўся аддаць гэтую грамату кіраўніцтву. Перад гэтым Алену Б. яшчэ раз выклікаў на допыт. Недзе а 10-й раніцы ў панядзелак ён далажыў начальству, што ёсць такая супрацоўніца міліцыі, у якой на старонцы ёсць порнаролікі, але ўнізе пасля справаздачы на яго ўжо чакалі супрацоўнікі.

Наталля трымае фота Міхаіла Куцко

«Яна, відаць, ужо ранкам пайшла і напісала на яго заяву, што ён патрабаваў з яе хабар. І пасля таго, як ён далажыў пра яе, яго адразу затрымалі. Начальнік яго выклікаў да сябе ў кабінет. Сказаў пісаць заяву на звальненне «па ўласным жаданні». Казаў: «Ты разумееш, што працаваць тут табе ніхто не дасць?» А наш начальнік з начальнікам Шчучынскага РАУС у вельмі добрых стасунках». – распавядае Наталля.

Усё ж такі калі ў цябе тата і дзядзя суддзі…

«Ён не казаў, чаму яго падставілі, ён проста казаў, што гэта нейкая правакацыя з боку праваахоўных органаў. Магчыма, хацелі зарабіць сабе чарговую зорачку альбо проста сапраўды ў гэтай дзяўчыны вельмі шырокія плечы. Усё ж такі калі ў цябе тата і дзядзя суддзі… Гэты матэрыял па ёй яны выдалілі адразу са старонкі. Міша ўсё гэта скінуў на дыск і захаваў на кампутары. Пасля гэты матэрыял вазілі ў Менск на экспертызу і гэты ролік прызналі парнаграфічным. Яна на пачатку пагаджалася, што сама змяшчала ролік у інтэрнэце, потым змяніла паказанні і казала, што нехта ўзламаў яе акаўнт».

Форма Міхаіла Куцко

Як тлумачыць жанчына, пасля справы з Аленай Б. міліцыянта звольнілі з працы за прагул, хоць падчас адсутнасці на ўчастку, ён займаўся раскрыццём іншых справаў па наркотыках. Пасля звальнення Міхаіл Куцко знайшоў іншую працу і пэўны час быў намеснікам дырэктара адной з турыстычных фірмаў у Горадні. У пятніцу 20 студзеня яго ізноў выклікалі для высвятлення дадатковых абставінаў, пасля чаго былога міліцыянта затрымалі на 72 гадзіны па артыкуле 430 Крымінальна кодэкса РБ.

Былі з вобшукам, нават у маразілку залезлі

«Я яму не магла датэлефанавацца цэлы дзень, вельмі перажывала. Пасля недзе а пятай увечары, ён сам патэлефанаваў і сказаў, што ў мяне праблемы. Я не зразумела нічога. Яго затрымалі і павезлі на дэтэктар ілжы. Былі з вобшукам у яго ў кабінеце і потым з вобшукам ужо прыехалі да мяне да хаты. Нават у маразілку залезлі, не ведаю, што яны там шукалі. Хачу сказаць, што гэтая кватэра асабіста мая і маіх дзяцей. Міхаіл у нас тут нават не прапісаны. Падчас вобшуку супрацоўнікі выпісалі ордэр на арышт маёй маёмасці. І калі, не дай Божа, яго асудзяць, мне прыйдзецца ў судзе даказваць, што гэта сапраўды мая маёмасць. Бо гэты артыкул, па якім яго закрылі, 430, кваліфікуе пад сабой канфіскацыю маёмасці».

«Лавіць наркаманаў было ідэяй фікс з дзяцінства»

Спадарыня Наталля і Міхаіл Куцко жывуць разам два гады, шлюб маладая пара не рэгістравала. Да гэтага ў Міхаіла была іншая сям’я. Сама Наталля старэйшая за грамадзянскага мужа на 12 гадоў і мае сваіх дзяцей, але сцвярджае, што такіх моцных духам людзей, як Міхаіл, у жыцці ніколі не сустракала.

«Разумееце, з гадоў пятнаццаці, калі Міхаіл яшчэ вучыўся ў школе, ён ужо працаваў негалосным супрацоўнікам. Лавіць наркаманаў у яго было ідэяй фікс яшчэ з дзяцінства. Ён ішоў да гэтага вельмі доўга. Спачатку працаваў пазаштатным супрацоўнікам. Пасля працаваў кантралёрам у турме. Чакаў пакуль звольніцца пасада ў наркакантролі. І ён патрапіў менавіта туды, куды хацеў. Усё жыццё марыў быць на гэтай пасадзе. Калі мы пазнаёміліся, Міхаіл ужо працаваў. Для яго праца проста была ўсім. Ён марыў, ёю жыў. Хоць было шмат нюансаў. Вельмі цяжка яму было эмацыйна. Удома мы стараліся не размаўляць пра працу, але ён заўсёды мне казаў, што яму ў хаце патрэбна маё падтрыманне. Я падтрымлівала як магла. Калі нешта адбывалася і ён не хацеў нічога казаць, я, канешне, не лезла, не пыталася. Ён сярод ночы мог ускочыць. Мог суткамі сядзець у засадах і лавіць наркаманаў. Вельмі шмат працаваў у інтэрнэце менавіта па справах парнаграфіі, педафіліі і гандлю людзьмі».

Наталля

«Ён быў тады жудасна падаўлены. Шчыра, я баялася пакідаць яго аднаго. Чалавек, які імкнуўся, які працаваў на карысць радзімы, быў самым лепшым супрацоўнікам у іх аддзеле, каторы даваў рэзультаты. Ён нават з тэмпературай 39 хадзіў на працу, ніколі бальнічных не браў. Была нейкая справа ў яго, расейцы нашых дзяўчат вывозілі на працу, яны іх затрымлівалі. Міша распрацоўваў гэтае затрыманне. І ён з тэмпературай 40 бег на гэтую працу, бо ўсе трэба было закончыць, каб усё было дакладна, усё ішло па плану, як павінна быць. Каб не ўпусціць гэтага чалавека з нашымі дзяўчатамі, каторых вывозілі за мяжу ў Кітай ці ў Тайланд».

Першы здымак, калі маладыя пачалі жыць разам

«Начальнік заўсёды казаў: Куцко прыйдзе, «палак надае». А палкі гэта справы, якія яны паспяхова зрабілі. У мяне няма ніводнага супрацоўніка, каб так працаваў».

Абвінавачванням у адрас Міхаіла Куцко не верыць таксама яго сябар Алег, з якім Міхаіл пачынаў працу ў міліцыі сем гадоў назад.

«З міліцыі так проста не звольнішся. Міхаіл увогуле хутка павінен быў атрымаць званне Старэйшага лейтэнанта. Ён дзейнічаў паводле інструкцый. Я лічу, што дадзеная супрацоўніца яго абылгала. У яе ёсць сувязі ў высокапастаўленых органах. Гэта спецыяльна было зроблена ўсё. Я яго ведаю з 2010-га года і толькі са станоўчага боку. Чалавек ведаў сваю працу. Ён ёю сапраўды жыў. Ніякіх хабараў ён браць не мог. Я спадзяюся, што справядлівасць пераможа і сітуацыя з Міхаілам павернецца ў іншы бок».

Пратакол арышту маёмасці Наталлі

«Хто застанецца? Інпектары, якія распаўсюджваюць порна?»

Спадарыня Наталля ўпэўненая, што хабар яе грамадзянскі муж браць не мог.

«Нават думкі такой не можа быць. Яму 23 гады і ён усё сваё здароўе на працы паклаў. Ён выступаў у школах, каб бацькі сачылі за сваймі дзецьмі. Вы ведаеце, колькі ў нашым горадзе педафілаў? Гэта рэальна страшна. І калі такіх адданых супрацоўнікаў міліцыі прыбіраюць, то хто тады застанецца? Такія інспектары па справах з няпоўнагадоўвымі, якія распаўсюджваюць порна?» – абураецца жанчына.

Аказаўся ў турме, у якой сам працаваў

«Матэрыял той рэгістраваў сам Міхаіл. Яе дзядзя-суддзя сам столькі працаваў па гэтых матэрыялах, столькі людзей пасадзіў. А тут трапляецца яго пляменніца. І яны не знайшлі іншага выхаду, чым перакруціць сітуацыю і зрабіць так, што гэта не яна прапанавала хабар, а ён ад яе яго патрабаваў. Вы ўяўляеце, якая была б шуміха, калі б распачалі справу па распаўсюдзе парнаграфіі супраць супрацоўніцы міліцыі? Каму мы давяраем сваіх дзяцей? Як яна можа працаваць з дзецьмі, пры тым яшчэ ў якіх праблемы з законам? Чым яна можа дапамагчы такому дзіцяці, калі сама распаўсюджвае порна ў інтэрнэце? Наш адвакат кажа, што калі ён а 10-й ужо далажыў, то які можа быць хабар? Алене Б. назначаная была сустрэча ва ўчастку на вуліцы Гая. Там паўсюды відэакамеры. Гэта ён такі дурны, назначыў ёй сустрэчу пад відэакамерамі, каб рукой у камеру з хабарам памахаць? Гэта такая лухта».

Пратакол арышту маёмасці Наталлі

«Я не разумею, як так можна проста ўзяць і абылгаць чалавека. Я не ўяўляю, у якім Міша зараз стане. Ён зараз знаходзіцца ў турме на Кірава, дзе раней сам працаваў. Калі сталася гэтая бяда, ён заранёў сябе падстрахаваў. Ён пісаў скаргу ў міністэрства, аднак не атрымаў там станоўчага адказу. Ён бачыў, што тут пачынае нешта муціцца і на ўсялякі выпадак запісаў відэа, нібыта мае нейкія матэрыялы, якія кампраметуюць нашыя праваахоўныя органы. Ён адчуваў, што нешта не ладнае. Папярэдзіў мяне, каб я ведала. Потым ён з’ехаў на некаторы час. Яны гэтую справу цягнулі 3 месяца. Пасля яго прыкрылі і на ўсе мае пытанні, калі я тэлефанавала следчаму, ён мне заўсёды казаў: Вы – ніхто і я Вам не абавязаны нічога казаць. Менавіта рабіў акцэнт, што я – ніхто, аднак калі выпісвалі арышт на маю маёмасць рэзка аказалася, што я-хто…»

Першы матэрыял пра Міхаіла Куцко з’явіўся ўчора

ПВ belsat.eu

Стужка навінаў