Латвія заклікае тэрмінова склікаць паседжанне Рады ЕЗ у сувязі з нападам на Марыупаль


«Напады прамаскоўскіх тэрарыстычных груповак на Марыупаль ды іншыя гарады на ўсходзе Украіны, антычалавечныя і цынічныя дзеянні супраць цывільнага насельніцтва поўнасцю пацвярджаюць той факт, што Расея не зацікаўленая ў мірным развязанні канфлікту», – гаворыцца ў заяве МЗС Латвіі, якая цяпер старшынюе ў Радзе Еўразвязу.

МЗС Латвіі ў заяве згадвае пра «мірныя ініцыятывы» Масквы, якія расцэньвае як «маску ды імітацыю дзейнасці». Арганізатары агрэсіі павінны зразумець, што міжнародная супольнасць рашуча адрэагуе на далейшае абвастрэнне канфлікту, заявіла МЗС.

Абстрэл Марыупалю з «Градаў» адбыўся раніцай 24 студзеня. Загінулі 30 асобаў, у тым ліку 2 дзяцей. 93 асобы параненыя, 40 з іх – у вельмі цяжкім стане. Агулам ад артабстрэлу пацярпелі 53 шматпавярховікі, чатыры школы і тры дзіцячыя садкі. 25 студзеня абвешчаны ва Украіне днём жалобы.

Раней лідар прарасейскіх баевікоў Аляксандр Захарчанка заявіў пра тое, што распачынае наступ на Марыупаль. Назіральнікі АБСЕ пацвердзілі, што абстрэл здзейснілі з тэрыторыі, якую кантралююць тэрарысты з «ДНР».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў