Латвія цягам двух месяцаў будзе выдаваць бясплатныя візы для беларусаў


Панарама Старога гораду ў Рызе. Фота wikipedia.org

Амбасада Латвіі ў Менску ў канцы 2016 года і пачатку 2017 года не будзе патрабаваць ад беларусаў аплаты за ўязную візу коштам у 60 еўраў.

Латвійская авіякампанія «AirBaltic» разам з амбасадай Латвіі ў Менску абʼявілі аб супольнай акцыі, прымеркаванай да дзён Латвіі ў Беларусі «Taste Latvia – Адчуй Латвію».

Авіякампанія «AirBaltic» ад 14 лістапада 2016 года да 15 студзеня 2017 года будзе прадаваць авіяквіткі на кірунку Менск-Рыга-Менск па спецыяльных льготных тарыфах. У перыяд правядзення акцыі амбасада Латвіі прапануе для грамадзянаў Беларусі шэнгенскую ўязную візу без аплаты дзяржаўнай мыты памерам 60 еўраў. Пра гэта парталу Travel.otzyv.by распавёў кіраўнік Консульскага аддзелу Латвіі ў Беларусі Марціс Максімс.

Паводле дыпламата, дзеля таго, каб атрымаць вызваленне ад выплаты мыты за візу турысту трэба выканаць дзве ўмовы: прадставіць пры падачы дакументаў на візу бронь гатэлю ў Латвіі не менш чым на дзве ночы і авіяквіткі кампаніі «AirBaltic» на маршруце Менск-Рыга-Менск.

Парадак падачы дакументаў прынцыпова не зменіцца. Два дакументы, згаданыя вышэй, мусяць прыкладацца да звычайнага набору дакументаў.

Турысты могуць таксама запытваць як пра аднаразовую, так і шматразовую візу. Але пры запыце на больш працяглыя тэрміны візы консульская служба будзе разглядаць візавую гісторыю заяўніка і статыстыку наведвання ім Латвіі.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары