Латвійскіх вайскоўцаў пакрыўдзіла рэклама ААН пра ўцекачоў


Дзяржсакратар Міністэрства абароны Латвіі Яніс Гарысанс пракаментаваў сацыяльную рэкламу пра ўцекачоў «Мы зрабілі б так сама!».

Яе запусціла Агенцтва ААН па ўцекачах.

На думку Яніса Гарысанса, рэкламная кампанія некарэктная і абражальная для Нацыянальных узброеных сілаў Латвіі, а таксама для латвійскай добраахвотнай узброенай арганізацыі «Зэмэсардзэ».

Рэкламная кампанія пабудаваная на супастаўленні гісторыяў уцекачоў з пазіцыяй рэальных жыхароў Латвіі, якія сцвярджаюць, што калі б яны трапілі ў падобную сітуацыю, то паводзілі б сябе так жа сама. Відэакліпы і вонкавая рэклама будуць дэманстравацца са жніўня па снежань ва ўсіх трох краінах Балтыі.

Паводле дзяржсакратара, рэклама наўпростава і ўскосна дае зразумець, што жыхары Латвіі толькі і чакаюць магчымасці, каб уцячы з краіны. На ягоную думку, гэта абражальна для жаўнераў узброеных сілаў, а асабліва для добраахвотнікаў, якія выдаткоўваюць свой час на вучэнні, каб у выпадку неабходнасці са зброяй у руках абараняць краіну.

«Менавіта жаданне жыхароў Латвіі абараняць сваю краіну вызначае тое, што мы ніколі не апынёмся ў сітуацыі, калі ім давялося б стаць уцекачамі», – заявіў Яніс Гарысанс.

НМ, belsat.eu, паводле Delfi

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары