«Латаюць старыя «тазікі» ды ездзяць на іх». Як памёр бізнес «аўтаперакупаў»


Больш за 20 гадоў некаторыя гарадзенцы, як і шмат іншых беларусаў, зараблялі перапродажам патрыманых аўтамабіляў з Еўропы ды з самой Беларусі. Але цягам апошніх двух гадоў на гарадзенскім аўтарынку колькасць такіх «бізнесоўцаў» змяншаецца з кожным днём, а наведнікаў аўтарынку лічаць літаральна па пальцах. Чаму «аўтабізнес» знікае, высвятляў карэспандэнт Belsat.eu.

На гарадзенскі аўтарынак аўтамабілі на продаж прыганяюць у суботу ды нядзелю. Лічыцца, што субота больш спрыяльны дзень для продажу аўта. Цяпер жа, нават у суботу, наведнікаў на аўтарынку амаль няма.

Віктар, «аўтаперакуп» з 20-гадовым стажам дзеліцца сваім меркаваннем на гэты конт: «Раней, год 8 таму, мы прыганялі з сябрам на рынак па 5 машын мінімум, лепшыя з іх куплялі ў суботу, горшыя забіралі ў нядзелю, бо тады мы зніжкі рабілі. А на тыдні ізноў ехалі за новымі аўтамабілямі ў Літву. Спакойна тады зараблялі па 3 «штукі» на месяц. А потым крызіс, з кожным днём наш народ бяднеў. Цяпер адзінкі купляюць машыны, іншыя – «латаюць» свае старыя «тазікі» ды ездзяць на іх, бо няма грошай нават на ежу».

«Як аўтамабілі з аўтасалонаў задушылі аўтарынак»

Аўтарынак ў Горадні
Аўтарынак ў Горадні

Іншы «перакуп» Мікола не пагаджаецца са сваім калегам, ды даводзіць наступную прычыну згасання аўтабізнесу: «Наш аўтарынак захапілі патаннеўшыя расейскія машыны. Сюды іх цягнулі ўсе! Людзі самі ехалі туды за аўтамабілямі, гналі іх сюды, а аўтарынак ігнаравалі. Калі менская «Маліна» (менскі аўтарынак «Малінаўка») яшчэ як-ніяк жыве, бо туды з усёй Беларусі едуць, дык апошні год мы сюды прыязджаем проста пастаяць. Яшчэ і Kia, Hundai, Wolkswagen падгадзілі сваймі таннымі няякаснымі «седанчыкамі» Rio, Solaris, Polo. Людзі ахвотней купяць гарантыйны новы аўтамабіль, хоць і няякасны, чым ужо ўжываны».

Мытны саюз і аўтарынку нашкодзіў

___6500___2_Ёсць і тыя «перакупы», які сышлі з «бізнесу» ды пачалі працаваць афіцыйна, зарабіўся значны капітал. Хтосьці мае турфірму, хтосьці краму, а хтосьці і надалей звязаны з аўтабізнесам. Аляксандр некалькі год «завязаў» з патрыманымі аўта ды адчыніў свой уласны аўтасэрвіс: «Калі я зразумеў, што працую сабе на страты, дык адразу вырашыў укласці грошы ў іншае. Машыны цяпер мала хто купляе, а вось для старых заўсёды трэба запчасткі ды рамонт. Беларусы збяднелі, не могуць купляць сабе новыя машыны, а я дапамагаю ім падтрымліваць старыя аўтамабілі ў належным стане».

Ягоны калега па бізнесу Алег, раней «перакуп», дадае: «Мытня саюз нікому не прынёс карысці. На пачатку ліпеня 2011 году паднялі мыты на ўвоз аўтамабіляў, тады і кошты на машыны значна падскочылі. Якасная машына пачала каштаваць каля 10 тыс. долараў. Вось тады і адбыўся пераломны момант у нашым бізнесе. Людзі перасталі купляць машыны. Гарадзенскія перагоншчыкі забяспечвалі Беларусь машынамі каля 20 гадоў да ўвядзення мытаў».

Купіў на «комісе», а ў бонус – стары штраф

img_6978

На гэтым фоне з’явіўся гарадзенскі аўтакоміс канфіскаваных аўтамабіляў, якія прадаюцца на аўкцыёне. Аднак надзвычай вялікай папулярнасцю ён не карыстаецца. Людзі аглядаюць аўтамабілі, незадаволена круцяць галовамі ды сыходзяць з паркінгу.

«Перакуп» Валеры распавядае, што аўтамабіль без праблем там купіць нерэальна: «Калісьці і нашыя на гэты коміс кінуліся. А што? Кошты невялікія, лепш чым у Расею ехаць, падрамантаваў ды прадаў. Але потым сутыкнуліся з праблемамі, што калі купляеш машыну, то з ёй у «бонус» можна атрымаць і штраф на тысячу долараў ад папярэдняга ўладальніка. А былі выпадкі, калі заводзіш машыну, а яна не заводзіцца. Вось таму і стаяць гэтыя машыны «калом» па два гады. І ніхто іх не купляе».

Заплаціць 200 тысяч долараў, каб зарабіць 30 тысяч

img_6984

Ёсць і тыя, хто яшчэ добра жыве з перагону аўтамабіляў. Сяргей мае свой цяжкавік ды лафету да яго, на якой прыцягвае аўтамабілі з Германіі, хоць і плоціць за іх вялікія мыты: «Я працую выключна на замову. Вязу дагледжаныя аўтамабілі, каб кліент быў задаволены ды даў мае кантакты сваім знаёмым. Ясная справа, што працаваць цяжка. Не раз чаплялася да мяне падатковая. Але што яны хочуць? Я за два гады заплаціў больш за 200 тыс. долараў мытаў, а зарабіў каля 30 тыс. долараў. Які я парушальнік закону пасля гэтага?».

На конт працягласці жыцця гарадзенскага аўтабізнесу суразмоўца працягвае: «Раней паміж «перакупамі» ды пакупнікамі была гармонія. Па кошту машыны кожны мог пагандлявацца, аўтапарк Беларусі пастаянна абнаўляўся, кожны другі мог сабе аўтамабіль дазволіць. А потым паўводзілі мыты, расейскія машыны «захапілі» Беларусь, а цяпер людзі збяднелі. Ніколі не было такога крызісу ў нашым «бізнесе». Хіба гэта канец».

Прабыўшы яшчэ некалькі гадзін на аўтарынку можна было заўважыць, што толькі тры аўтамабілі знайшлі сваіх пакупнікоў. Гадоў 5 таму, па словах «старажылаў аўтабізнэсу», за суботу прадаваліся аўтамабілі сотнямі.

Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары