Ласось з беларускай прапіскай. Апошні шанец караля


У матэрыяле захаваны правапіс аўтара

З увядзеньнем Крамлём эмбарга на заходнія харчы, ці не галоўнымі аб’ектамі жарцікаў і кпінаў сталіся беларускія ласосі, беларускія крэветкі і, скажам, беларускія бананы, якія зухавата замянілі іншых «замежнікаў» на расейскіх крамных паліцах. Між тым, што-што а беларускі ласось сапраўды існуе. І пагатоў зьяўляецца ці не найлепшым, наймацнейшым і найпатрыятычнешым прадстаўніком сваёй папуляцыі. Папросту кароль сярод каралёў!

Калісьці гэтая прыгожая рыба была сапраўдным гаспадаром нашых рэк. У прыватнасьці, на каралеўскі стол у Горадні ласося білі практычна пад самай Замкавай гарою, а нёманскія самы, раўнуючы да падводнага прастолу, часьцяком адмаўляліся харчавацца хоць нейкай іншай рыбай. Гіганцкую кропку ў гэтай казцы паставілі, аднак, саветы – у выглядзе гідраэлектрастанцыі на Нёмне каля Коўні ды плацінаў і станцыяў на Заходняй Дзвіне. І ўжо ў 1960-х гадах лічылася, што пра беларускага ласося можна забыць.

Стронга, кумжа і сёмга – усё гэта імёны беларускага ласося. У адрозьненьне ад першай, кумжа і сёмга ў нашай краіне жывуць ня стала: нараджаюцца і гадуюцца тут, а затым сплываюць у Балтыку. Пры гэтым калі кумжа не здолее трапіць у мора, то застаецца ў беларускай вадзе назаўжды й ператвараецца ў стронгу. І наадварот – дастаткова стронзе трапіць у салёныя хвалі, яна буйнее й ператвараецца ў кумжу. А вось сёмга як сапраўдны атлянтычны ласось абавязкова павінна сысьці ў акіян. Апошні раз яе бачылі ў нашай краіне ў 1954 годзе. Нясьмелыя здагадкі пра вяртаньне сёмгі ў Беларусь фактамі, аднак, пакуль што не пацьверджаныя.

Вяртаньне караля

Але на гэтым гісторыя беларускага ласося, на шчасьце, не сканчаецца. Адзінае месца ў нашай краіне, дзе ўсьцяж можна пабачыць гэтую ўнікальную рыбу – рака Вілія і яе прытокі. Дзікі край беларуска-летувіскага памежжа, зрэзаны чысьцюткімі ручаінамі нагадвае сапраўдную амазонскую сэльву. У 2008 годзе мясцовы жыхар Вацлаў Блажэвіч раскрыў навукоўцам таямніцу, хаваную тутэйшым людам увесь гэты час: глыбока ўвосень ласось штогод вяртаецца з Балтыкі ў Беларусь на нераст – туды, дзе нарадзіўся сам і дзе павінен працягнуць свой род.

«Раней тут кожны ручай прымаў на нераст, а зараз – толькі адзінкавыя. Вось толькі ў Тартак асобныя заходзяць. А так… Тартак, Сянканка, каля Быстрыцы дзьве рачулкі – паўсюль ішоў на нераст ласось, кумжа, – прыгадвае старажыл. – Па памерах… Памятаю, на нашай рэчцы адзін злавіў на дзевяць кіляграмаў. Але мы тады не разьбіраліся: кумжа ці не кумжа – усе называлі «стронгай». Ну а па шэсьць-сем кіляграмаў – на Сянканцы гэта масава было! Надта ж ласось і кумжа любілі туды заходзіць! Мясцовы рыбак перад хадою ўначы зацягне сетку там, дзе рэчка цішэйшая, перагародзіць – дык тры-чатыры агромністыя махіны і зловіць!»

Амаль 700 кілямэтраў супраць плыні, скрозь плаціны і бабровыя запруды, засады выдраў і астрогі браканьераў, разьлітыя хімікаты і сплытчэлыя перакаты – туды, дзе калісьці нарадзіўся, вылупіўся зь ікрынкі гэткай жа пілігрымчыхі-матулі. У час падарожжа прэсная вада зьмяняе самую рыбіну: кумжа цямнее папросту на вачох, у сёмгі да непазнавальнасьці скрыўляюцца сківіцы, ператвараючыся ў гэткую дзюбу.

Плаціны абыякавасьці й мітусьлівасьці

Агулам, паводле назіраньняў, цяпер у Беларусь на нераст заходзяць усяго нічога – каля 70-100 рыбінаў. З усяе «астравецкае амазоніі» найбольш ласосевая – рачулка Тартак. Было б куды больш, цьвердзяць валянтэры, якія штогод арганізоўваюць патруль па тутэйшых лясных «лябірынтах», чысьцяць перакаты ад бабровых запрудаў ды палохаюць браканьераў, але…

«Цяпер ахова месцаў нерасту ласося падтрымліваецца толькі сіламі грамадзкіх арганізацыяў. – адзначае грамадзкі актывіст Анатоль Лоўкіс. Прадстаўнік адразу дзьвюх арганізацыяў – «Аховы птушак Бацькаўшчыны» і «Экадому», ён жыве на Тартаку ажно з 20 кастрычніка, ад самага пачатку сёлетняга патруляваньня. Пэрыядычна да маладзёна пад’яжджаюць валянтэры зь іншых арганізацыяў, рыбалоўных клюбаў ці гэткія «неарганізаваныя» аматары прыроды, як нашая сьціплая кампанія.

Аднак высілкаў толькі неабыякавых грамадзянаў – мала. Стварэньне рыбаходаў, увядзеньне спэцрэжыму для гэтага краю хаця б на час нераставаньня ласося – гэтага валянтэры аніяк не пацягнуць, паціскае плячыма Лоўкіс: «Цяпер мы займаемся толькі захаваньнем генафонду. Каб выйсьці на больш сурёзны ўзровень: аднавіць папуляцыю, вывесьці яе з Чырвонай Кнігі – патрэбная сурёзная дзяржаўная падтрымка на ўзроўні стварэньня адмысловага заказьніку для ласасёвых рыбаў у рэгіёне. Зараз жа аніякай падтрымкі ад дзяржавы фактычна няма…

Спадзяюся, што ў нашай дзяржавы некалі хопіць грошай не толькі на лядовыя арэны і атамныя станцыі ды розныя палацы, але і на аднаўленьне ласасёвых рыбаў. Бо дзя дзяржавы гэта будзе імідж, я думаю, ня меншы за Чэмпіянат сьвету па хакеі, а нават і большы. Бо Чэмпіянат сьвету доўжыўся два тыдні, а калі аднавіць ласося: кумжу і сёмгу – то гэта будзе на гады.

Шмат якія рэкі – да прыкладу, Страча і Ашмянка – цяпер туды ласось не заходзіць, таму што там плаціны. А калі зрабіць там рыбаходы, правесьці мерапрыемствы і аднавіць заход ласося туды, то гэта будзе, па-першае, біяразнастайнасьць. І па-другое, гэта будзе таксама – у пэрспэктыве, вядома ж, не адразу – магчымасьць для рыбаловаў-аматараў нейкую колькасьць па ліцэнзіі. І ня трэба будзе ехаць у Летуву альбо Нарвэгію… На маю думку, трэба запрашаць новых людзей, каб уваходзілі ў гэты рух. Таму што сытуацыя, якая складваецца на гэты момант – вельмі часта не хапае людзей, каб патруляваць усе рэкі, дзе нерастуе ласось. Канешне, трэба рабіць адбор, каб людзі былі матываваныя й ведалі, куды яны едуць, рыхтаваліся».

Зрэшты, адзінага меркаваньня наконт таго, ці варта ехаць патруляваць нерастовішчы сярод ахоўнікаў ласося няма. На тле міжарганізацыйнай грызьні за фінансавае падтрыманьне мясцовы вартаўнік Тартаку падкрэсьлівае, што празьмерная мітусьня на берагах лясных рачулак адпалохвае ня толькі браканьераў.

«Павелічэньня зараз няма, але генафонд стабілізаваўся. Але што цешыць, з’явіліся самцы, што было вельмі рэдка. Апошнім часам іх наагул не было. Летась выдра задзёрла аднаго самца кумжы, сёлета – яшчэ аднаго. Прыходзяць такія, па паўтара-два кіляграмы – гэта каторыя па першым разе… – з назіраньняў за аднаўленьнем папуляцыі «каралеўскай» рыбы Блажэвіч нечакана пераходзіць да крытыкі… валянтэраў. – Справы з ласосем абстаяць – і сказаць, што і дрэнна, і добра – ня скажаш!

Добра, што крыху аднавілі папуляцыю – шляхам валянтэрскай аховы. А дрэнна тое, што закапаўся ўжо гэты валянтэрскі рух! На рачулку Тартак усе шуганулі – па пятнаццаць чалавек! – а рэкі Сянканка, Газянка засталіся без прыгляду. Там усё перагароджанае бабровымі плацінамі – і няма доступу для нерасту ласося…

Але калі прыяжджаць, то толькі – ня лазіць па рэчцы, уздоўж яе! Калі толькі дзеля цікаўнасьці ці нейкіх іншых падобных мэтаў – вышку пастаў! І хай глядзяць: сучаснае абсталяваньне дазваляе сфатаграфаваць і наблізіць – як на далоні будзе! І рыба гэтага адчуваць ня будзе, і ўсе нерасты будуць пад наглядам».

Акрамя валянтэрскіх ліхтарыкаў начную цемру па-над Краем Ласося несупынна разьдзіраюць і вагні аграмаднай будаўніны пад Астраўцом. Фатальнае відовішча для гэтых дзікіх мясьцінаў. А таму мітусьня мітусьнёю, а калі атамная станцыя запрацуе, мясцовыя нерастовыя ручаіны сплытчэюць ушчэнт ды пацяплеюць – і аніякіх шанцаў працягнуць свой род у Беларусі ў ласося ўжо дакладна не застанецца.

Валера Руселік, для belsat.eu

Фота і відэа аўтара

Глядзі таксама
Каментары