Ларысе Шчыраковай прысудзілі штраф 943 рублі


11:48 За 4 пратаколы суддзя Тамара Застаўнецкая прысудзіла Ларысе Шчыраковай штраф памерам 41 базавая велічыня (943 рублі).

«Нічога нечаканага, я ведала, што будзе рашэнне пакараць. Караюць за праўду», – сказала пасля паседжання Ларыса Шчыракова.

Журналістка кажа, што будзе абскарджваць прысуд.

11:33 Ларыса Шчыракова дае тлумачэнні па прагледжаным відэа.

10:58 Цяпер суддзя праглядае онлайн з Дня Волі, які вяла Ларыса Шчыракова.

10:50 Суддзя глядзіць сюжэт «Белсату» пад назвай «Абыякавая медыцына».

10:35 Перапынак у судзе.

10:18 Ларыса Шчыракова дае паказанні. Распавядае як яе затрымалі і ўтрымлівалі цягам 4 гадзінаў 24 сакавіка.

10:17 Суддзя выгнала з залы суду жанчыну, якая прыйшла падтрымаць Ларысу Шчыракову і сказала ёй нешта шэптам.

10:11 Суддзя не разумее, што напісана ў пратаколе, бо не можа расчытаць почырк.

10:07 Суддзя не дазволіла прысутнічаць на паседжанні сыну Ларысы Шчыраковай Святаславу, бо ён не мае 16 гадоў. Хлопчык выйшаў з залы.

10:02 Людзей пусцілі ў судовую залу.

09:45 На суд прыехалі сын, сваякі і сябры журналісткі, калегі з БАЖу і праваабаронца Леанід Судаленка.

«Я перакананая, што будуць штрафы і вельмі буйныя штрафы. Улады баяцца нашай працы. Наўпрост я ніякіх дакументаў наконт сына не атрымлівала. Але мне наўпрост пагражалі, што яго забяруць», – кажа Ларыса Шчыракова.


Справу журналісткі разглядаюць у судзе Гомельскага раёну. Пачатак а 10:00. Сёння суд разгледзець два пратаколы за незаконны выраб прадукцыі СМІ (артыкул 22.9 КаАП) і два пратаколы за няяўку ў РАУС.

За апошні час на фрылансерку склалі ўжо 6 пратаколаў, у тым паводле абсурдных абвінавачванняў (за пясок каля яе кватэры; за адсутнасць рэгістрацыі на сабаку). Паводле ўсіх пратаколаў журналістка адмовілася даваць тлумачэнні.

Ларыса Шчыракова асвятляла пратэставыя акцыі ў Рагачове ды Гомлі.  Толькі за апошнія два гады яе 11 разоў прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці за выканне сваіх прафесійных абавязкаў.

Да таго ж ўлады пагражаюць пазбавіць Ларысу Шчыракову бацькоўскіх правоў.

Апошні раз журналістку-фрылансерку з Гомлю, якая супрацоўнічае з «Белсатам», судзілі за ўдзел у Маршы недармаедау ў Рагачове 12 сакавіка. Паводле рашэння старшыні суду Гомельскага раёну Раісы Кавалевіч нашая калега павінная выплаціць Br 161 (7 базавых).

ДР belsat.eu

Стужка навінаў