Ларысу Шчыракову аштрафавалі на 3,6 млн рублёў за супрацу з «Белсатам»


Падставай для завядзення справы на незалежную журналістку стаў сюжэт з апытаннем гомельскіх прадпрымальнікаў.

За матэрыял, які выйшаў на «Белсаце» 13 студзеня пра павышэнне падаткаў для прадпрымальнікаў суд Цэнтральнага раёна Гомель аштрафаваў незалежную журналістку на 20 базавых велічыняў (3 млн 600 тыс. рублёў).

Паводле праваахоўных органаў, яна парушыла артыкул 22.9 КаАР РБ («незаконны выраб прадукцыі СМІ»), падрыхтаваўшы сюжэт для тэлеканалу без дазволу на працу ў Беларусі.

Журналістка лічыць, што працэс быў неабектыўным і аднабаковым.

«З пачатку я хадайнічала пра тое, каб працэс вёўся па-беларуску, была выкліканая асоба, якая складала пратакол, каб вяліся фота і відэа здымкі і можна было мець свайго прадстаўніка, але па ўсім хадайніцтвам суд мне адмовіў. Рашэнне не было нечаканасцю. Па ўсёй Беларусі пачалася медыйная зачыстка перад выбарамі, у вялікай ступені гэта звязана з крытычнай эканамічнай сітуацыяй. Галоўны мэсэдж уладаў: не асвятляць крызіс і сацыяльна балючыя праблемы, не паказваць незадаволеннасць народу».

Пратакол на журналістку 8 сакавіка склаў начальнік аддзелу аховы правапарадку Цэнтральнага РАУС падпалкоўнік Юрый Панін.

На рахунку журналісткі яшчэ два аналагічныя адміністрацыйныя пратаколы, паведамляе «БАЖ». Ларыса Шчыракова збіраецца абскарджваць прысуд у абласным судзе і ў міжнародных інстанцыях.

У студзені суд Светлагорскага раёну аштрафаваў Ларысу Шчыракову на 900 тысяч рублёў. Паводле суддзі, журналістка брала ўдзел у незаконным пікеце.

Раней за супрацу з Белсатам ужо штрафавалі Алеся Залеўскага, Марыну Малчанаву і Алеся Ляўчука. За апошнія 9 месяцаў на незалежных журналістаў было складзена больш за 20 адміністрацыйных пратаколаў.

На мінулым тыдні другі раз судзілі Журналістку з Бярозы Тамару Шчапёткіну, якая даведалася пра ўласны суд праз смс. 13 сакавіка ў Іванава за супрацу з «Рыдыё Рыцыя» будуць судзіць журналістку Іну Хоміч.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў