Ландсбергіс пра АЭС у Астраўцы: Маскоўскія ўлады робяць зло чужымі рукамі


Вітаўтас Ландсбергіс

Размова «Белсату» з былым старшынём Вярхоўнай Рады Літвы.

У Літве сабралі і перадалі ў сейм 65 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва АЭС у Астраўцы. Ініцыятыву, а таксама апасенні адносна беларускай атамнай станцыі, у размове з нашым тэлеканалам пракаментаваў былы старшыня Вярхоўнай Рады Літвы Вітаўтас Ландсбергіс.

Вітаўтас Ландсбергіс: Гэта прадстаўленне законапраекту, якое пры дастатковай колькасці патрабаванняў грамадзянаў (50 тыс. подпісаў – заўв.) абавязкова разглядаецца парламентам. А сутнасць законапраекту такая, што Літва, ацэньвае дадзены праект электрастанцыі,  як небяспечны для дзяржавы і народу бо знаходзіцца вельмі блізкая да сталіцы нашай краіны. Літва адмаўляецца набываць магчымую энергію, калі станцыя будзе пабудаваная, і адмаўляецца прапускаць гэтую энергію праз сваю тэрыторыю.

«Белсат»: Ці вы лічыце, што гэтая АЭС непатрэбная Беларусі?

Вітаўтас Ландсбергіс: Яна, магчыма, патрэбная Беларусі, але месца настолькі не пасуе і нават бесчалавечна абранае каля нашай сталіцы, што не можа быць пра гэта і гаворкі. Было вельмі шмат месцаў, і я ведаю, што эксперты, у тым ліку беларускія, прапаноўвалі месца ў Магілёўскай вобласці. Але, відаць, быў валявы загад ставіць тут, на галаве Літвы.

«Белсат»: Якія вашыя прэтэнзіі ў гэтай сітуацыі да Лукашэнкі як кіраўніка краіны?

Вітаўтас Ландсбергіс: Я не думаю, што ён самастойны кіраўнік краіны. Я мяркую, што, магчыма, ён не такі злосны чалавек, каб самому такое вырашыць. Відаць, ён атрымліваў вышэйшы загад.

«Белсат»: Што можа зрабіць Еўразвяз у справе беларускай АЭС?

Вітаўтас Ландсбергіс: Трэба пытацца ў Еўразвязу. Калі Літва будзе разглядаць гэты законапраект, будзе выражаны пратэст і абсалютная нязгода Літвы, якую, дарэчы, ніхто і ніколі не пытаў. Гэта недапушчальна – рабіць такія лёсавызначальныя для суседняй дзяржавы праекты, без папярэджання гэтай дзяржавы і без кансультацыі, не кажучы ўжо пра ўзгадненне. Гэта вельмі варожая ўстаноўка.

Літва ніколі не мела дрэнных пачуццяў да беларускага народу, мы пастараемся гэтага пазбегнуць і цяпер. Але не беларускія ўлады ў адказе за гэтую станцыю, а маскоўскія – робяць зло чужымі рукамі.

«Белсат»: Як вы лічыце, калі будзе нейкая аварыя, якія будуць наступствы для Літвы?

Вітаўтас Ландсбергіс: Вялікая аварыя будзе азначаць, што трэба эвакуяваць сталіцу Вільню і што вялізны рэгіён не толькі Літвы, але і самой Беларусі разам з яе жыхарамі, будзе непрыдатны для жыцця. Акрамя таго ёсць пагроза аварыі і забруджвання паветра і глыбінных вод, магчыма, таксама вод ракі Вілія.

«Белсат»: Дык вы мяркуеце, што гэта ўсё робіць Расея?

Вітаўтас Ландсбергіс: Я схіляюся так думаць, што беларусы не маюць такіх злых намераў у стасунку да Літвы. А ў Крамлі ёсць мсцівасць. За ўяўнае разбурэнне СССР, за самастойную палітыку Літвы. Вось і нагода пакараць Літву.

«Белсат»: Ці вы падзяляеце меркаванне, што АЭС – гэта атамная бомба ля мяжы?

Вітаўтас Ландсбергіс: Нават так.

Гэта атамная бомба ў выпадку вялікай катастрофы накшталт Чарнобыльскай. Але гэта бомба, якая будзе дзейнічаць і ў чаканні катастрофы. Гэта будзе ціснуць на цэлы рэгіён, на насельніцтва, на магчымых інвестараў. Хто захоча ісці туды, пад такую пагрозу? Гэта вельмі адмоўнае дзеянне ў стасунку да Літвы, якая нічога злога Беларусі не зрабіла.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары