Лагвінец: Улады хочуць загаварыць пытанне палітвязняў, а не рэальна яго вырашыць


У Страсбургу спаткаліся прадстаўнікі ўлады і апазіцыі. Гаварылі пра мараторый на смяротнае пакаранне, палітвязняў і вяртанне Беларусі статуса спецзапрошанага ў ПАРЕ.

У Страсбургу прайшлі слуханні па Беларусі. На іх спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Андрэа Рыгоні заявіў пра магчымасць узнаўлення дыялогу з Беларуссю. Жаданне ўзнавіць гэты дыялог пацвердзілі і словы старшыні пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мікалая Самасейкі. Па словах дэпутата, Беларусь будзе імкнуцца вярнуць статус спецыяльна запрошанага ў ПАРЕ. Але для гэтага трэба ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Беларускае заканадаўства дазваляе зрабіць гэта адным крокам, мяркуе намеснік старшыні руху «За свабоду», які таксама быў на слуханнях.

«Я звярнуўся да спадара Самасейкі і сказаў, што вызваліць палітвязняў, тое ж самае, як і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, гэта справа аднаго кроку, які вельмі проста робіцца. Маем прэцэдэнты, калі вызваляліся палітвязні і нават тады, калі не пісалі прашэнні аб памілаванні. Іх вызвалялі. Тут пытанне нядобрай волі ўладаў, а не таго, што ёсць нейкія перашкоды і палітвязні самі не хочуць выходзіць, як пра гэта часам кажуць», – заявіў у каментары «Белсату» Алесь Лагвінец, які лічыць, што ўлады спрабуюць «загаварыць» праблему палітзняволеных, а не вырашыць яе.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары