За што Расея блакуе беларускі часопіс KYKY


Выданне трапіла ў расейскі чорны спіс сайтаў за артыкул трохгадовай даўніны.

10 красавіка рэдакцыя KYKY атрымала ліст ад Службы па наглядзе ў сферы інфармацыйных тэхналогіяй і масавых камунікацыяў.

Прычынай такога захаду з боку расейскіх чыноўнікаў стаў артыкул матэрыял Юрыя Азаронка 2014 года «Людзі, якія крадуць адзенне з крамаў» з чатырма гісторыямі шопліфтэраў.

Калі рэдакцыя KYKY не выдаліць гэты артыкул або не абмяжуе да яго доступ у Расеі цягам 24 гадзін, старонку заблакуюць на тэрыторыі Расеі. Рашэнне прыняў Заводаўкоўскі суд Цюменскай вобласці.

Што менавіта забароненага ў артыкуле, «Роскомнадзор» не паведамляе. Імаверна, кантралёры звярнулі ўвагу на гісторыю аднаго з герояў артыкулу, «ідэйнага злодзея» Івана, які апісаў сітуацыю з шопліфтынгам у Расеі.

«Ёсць сетка Zara. Там крадзяжы квітнеюць. А сетка OGGI – там крадзяжоў амаль няма. Чаму? Адна крама вядзе нармальную палітыку цэнаў, а другая штурхае рыззё па завышаных цэнах. Бо не могуць кітайскія шорты каштаваць $ 40. Ну і асноўнае: як можна назваць шопліфтынг крадзяжом, калі нашыя чыноўнікі і ўлады крадуць мільярдамі ў звычайных грамадзянаў? Натуральна, мы пазычаем вопратку толькі ў дарагіх брэндаў, – кажа Іван. – З іншага боку, мне як студэнту дзяржава не плаціць нармальнай стыпендыі. І як мне выжываць і заставацца чалавекам? Калі б улада была чалавечая, а капіталізм не быў такім шалёным, шопліфтынгу б не было».

Рэдакцыя KYKY прыняла рашэнне выдаліць артыкул: доля чытачоў, якія заходзяць на старонку з тэрыторыі Расеі, складае 14 %.

Часопіс заахвочвае паспяшацца і прачытаць артыкул, пакуль яго не прыбралі.

Пазней такая магчымасць, аднак, усё роўна застанецца: матэрыял Азаронка зархівізавалі і Google, і Archive.

ДД

Стужка навінаў