Квіткі на «Народны альбом. 20 год» разабралі за 2 гадзіны. Увага – будуць дадатковыя


Сачыце за нашым сайтам Belsat.eu і профілямі «Белсату» на сацыяльных сетках: мы плануем разыграць сярод нашых прыхільнікаў дадатковыя квіткі на «Народны альбом».

Чацвёртага верасня ў Беластоку на сцэне Падляскай оперы адбудзецца прэм’ера юбілейнай версіі «Народнага альбому», якую ладзіць тэлеканал «Белсат». Квіткі на яе ў Беларусі разабралі за 2 гадзіны.

«Паважанае спадарства, нас вельмі цешыць такая вялікая цікавасць да «Народнага альбома». Квіткі былі бясплатныя, але кожны мусіў слушна адказаць на пытанні пра праект і даслаць свае звесткі, таму больш як 300 квіткоў за 2 гадзіны – гэта цудоўны вынік. Яшчэ 300 квіткоў будуць распаўсюджаныя ў Польшчы. Платных квіткоў не будзе – на такіх умовах фінансуецца праект. Бліжэйшым часам усе пераможцы атрымаюць свае квіткі і падрабязнасці наконт візавай падтрымкі. Мы бачым і ведаем, што зацікаўленых нашмат больш, таму запрашаем усіх паглядзець відэаверсію праекту ўвосень на «Белсате» і афіцыйным канале YouTube», – адзначыла дырэктар тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

«Народны альбом» – беларускі музычны праект, прэм’ера якога адбылася ў 1997 годзе. У юбілейнай версіі бяруць удзел Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Вераніка Круглова, Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў, Сяргей Ахрамовіч ды іншыя выканаўцы з арыгінальнага складу.

Колькасць музыкаў будзе пашыраная да 20 чалавек. За візуальную частку адказвае вядомы польскі тэлевізійны рэжысёр Конрад Смуга. Ён плануе максімальна скарыстаць тэхнічныя магчымасці Падляскай оперы – адной з самых сучасных і прасунутых канцэртных пляцовак Польшчы. Над элементамі мастацкага аздаблення, сцэнаграфіяй і касцюмамі працуюць мастачка Алена Ігруша ды стваральнік ідэі «Народнага альбома» Міхал Анемпадыстаў.

Прэм’ера спектаклю «Народны альбом. 20 год» адбудзецца ў межах фестывалю «Wschód Kultury. Inny Wymiar» («Усход культуры. Іншае вымярэнне»), каардынаванага Беластоцкім цэнтрам культуры і Нацыянальным цэнтрам культуры пры падтрыманні парталу kulturadostepna.pl.

Тэлеканал «Белсат» выступае аўтарам ідэі і выканаўчым прадзюсарам спектаклю. Копрадусарам відовішча з’яўляецца польскі Нацыянальны інстытут аўдыёвізуальны NInA.

Прэм’ера спектаклю «Народны альбом. 20 год» адбудзецца 4 верасня а 17:30 ў Падляскай оперы ў Беластоку.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў