Кустурыца і «Беларусьфільм» здымуць кіно пра габрэйскіх партызанаў ля Турава


Сцэнар стужкі «Калі не цяпер, то калі?» заснаваны на аповесці італьянскага пісьменніка Прыма Леві (Primo Levi) пра падзеі Другой сусветнай вайны.

Прыма Леві – пісьменнік і хімік габрэйскага паходжання. Падчас вайны далучыўся да руху супраціву, за што быў дэпартаваны ў канцлагер Аўшвіц. Застаўся жывым дзякуючы таму, што ягоныя веды прыдаліся падчас працы ў лагернай хімічнай лабараторыі.

Каханне па дарозе ў Палестыну

Аповесць «Калі не цяпер, то калі?»Se non ora, quando?»), напісаная ў 1982 годзе, узнагароджана двума прэстыжнымі італьянскімі прэміямі: Камп‘ела (Premio Campiello) і Віарэджа (Premio Viareggio).

Галоўны герой Мендэль перад тым, як стаць артылерыстам у шэрагах Чырвонай Арміі, зарабляў рамонтам гадзіннікаў. Падчас адной з бітваў ён траціць сувязь са сваім падраздзяленнем і праз нейкі час прыбіваецца да групы габрэйскіх партызанаў. Вайна сканчаецца для яго ў Італіі, куды ён трапіў, прайшоўшы Польшчу і Нямеччыну, і адкуль разам з паплечнікамі плануе дабрацца да Палестыны, каб аднавіць дзяржаўнасць свайго народа. У фільме ёсць таксама і сюжэтная лінія, прысвечаная каханню.

Партызаны хаваюцца ля Турава

Чуткі пра тое, што вядомы сербскі рэжысёр Эмір Кустурыца, які наведаў Беларусь і асабіста сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, здыме фільм з удзелам беларускага боку, хадзілі даўно. Як паведамляе «БелТА», нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» возьме ўдзел у новым праекце рэжысёра.

Сцэнар Кустурыца напісаў разам з драматургам і сцэнарыстам Горданам Міхічам, з якім працаваў на вядомаю стужкаю «Чорная котка, белы кот». Падзеі ў «Калі не цяпер, то калі?» адбываюцца на тэрыторыі Беларусі, між іншым, – у лесе ля Турава. У карціне фігуруе таксама назва Навасёлкі, якую цяпер маюць некалькі дзясяткаў населеных пунктаў.

Здымаць «Калі не цяпер, то калі?» «Беларусьфільм» будзе з французскаю кінакампаніяй «Cinema Soleil». Кантракт ужо заключаны. Начальнік аддзела рэалізацыі і рэкламы кінастудыі Міхаіл Кацюшэнка распавёў, што ідэя супрацы над фільмам зарадзілася падчас працы Беларускага павільёна на Канскім міжнародным кінафестывалі, падчас якога адбыліся перамовы з генеральным прадзюсарам кінапраекту Мікі Захарам.

Галівудскі фільм ужо распавёў пра габрэйскі атрад у Налібоцкай пушчы

У 2008 годзе пра змаганне габрэйскіх партызанаў у Беларусі падчас другой сусветнай вайны галівудскі рэжысёр Эдвард Цвік (Edward Zwick) зняў стужку «Выклік» («Defiance») з Дэйніэлам Крэйгам (Daniel Craig) у галоўнай ролі. Фільм распавядаў пра вядомы атрад братоў Бельскіх, які хаваўся ў Налібоцкай пушчы. Ён складаўся з габрэяў, якім удалося ўцячы з гета.

Эмір Кустурыца – сербскі кінарэжысёр, сцэнарыст, актор, прадзюсар з сусветным імем, фільмы якога адзначаны ўзнагародамі найбуйнейшых кінафестываляў Еўропы, у тым ліку двума «Залатымі пальмавымі галінамі» Канскага кінафестывалю. Рэжысёр з’яўляецца кавалерам ордэна Ганаровага легіёна, замежным чальцом Акадэміі навук і мастацтваў Рэспублікі Сербскай. Лукашэнка ўзнагародзіў Кустурыцу прызам Прэзідэнта Беларусі «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве».

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў