Курэйчык шукае герояў для новага фільму «Вурдалакі»


 

Рэжысёрам першага беларускага моладзевага хорару будзе Макс Сіры. Здымкі распачнуцца пад Ваўкавыскам на пачатку лета.

У Беларусі здымуць першы моладзевы фільм жахаў пад працоўнай назвай «Вурдалакі» (рас. «Упыри»). Адмыслова для здымкаў стужкі прадзюсары Віктар Лабковіч, Андрэй Курэйчык і Сяргей Якубоўскі стварылі кінакампанію «Нашае кіно». Рэжысёрам фільма стане беларускі кліпмейкер і рэжысёр Макс Сіры.

Сцэнар напісалі Сяргей Якубоўскі, Андрэй Курэйчык і Максім Сіры. Паводле задумы аўтараў, фільм «павінен адкрыць новы для Беларусі гатунак моладзевага фільму жахаў».

Працоўны варыянт плакату «Вурдалакаў»

Дзея стужкі будзе разгортвацца на крэйдавых азёрах блізу Ваўкавыску – у народзе пра гэтыя месцы ходзіць шмат легендаў. У «Вурдалаках», між іншым, распавядуць пра тое, чаму тэрыторыю абмежавалі ад наведвання для мясцовых жыхароў.

«Будуць у фільме і замежнікі, якія трапляюць у Беларусь. Ёсць там і беларуская аўтэнтыка, – кажа Андрэй Курэйчык. – Усё адбываецца ў купальскую ноч, выкарыстоўваюцца некаторыя беларускія архетыпы і стэрэатыпы».

Бюджэт карціны складзе ад $ 50 да 100 тыс.

Вярнуць спецыялістаў у Беларусь

Аўтары заяўляюць, што гэта камерцыйнае незалежнае кіно, якое «першапачаткова не прэтэндавала на падтрыманне Міністэрства культуры Беларусі».

«Нашая задача – адкрываючы новыя глядацкія жанры, новыя імёны ў кіно, новыя тэхналогіі прадзюсарства, адваёўваць рынак для беларускага кіно, напоўніць кінатэатры якасным беларускім кантэнтам, стварыць годныя ўмовы для самарэалізацыі высакакласных беларускіх адмыслоўцаў, якія сёння часцяком зʼязджаюць з краіны, не знаходзяць сабе месца тут, вярнуць іх», – цытуе прадзюсараў «Белапан».

Асобна аўтары адзначылі неабходнасць стварэння спецыялізаванага канала «Беларускае кіно».

«Часам беларускія фільмы па аб’ектыўных прычынах не могуць патрапіць у шырокі пракат. Павінная быць альтэрнатыўная пляцоўка для іх паказу. Тэлеканал» Беларускае кіно «можа абʼяднаць бібліятэкі дзяржаўнага і прыватнага кіно, а таксама стаць месцам дыскусіі аб шляхах развіцця нацыянальнага кінематографу», – лічыць Курэйчык.

Ён падкрэслівае, што «Вурдалакі» – гэта не «бульбахорар» і не «бульбатрэш», а спалучэнне ідэяў гатунку слэшэр з нацыянальнай беларускай аўтэнтыкай – сучаснае, стылёвае моладзевае кіно, якое можа прыцягнуць самую шырокую маладзёжную аўдыторыю.

Здымкі адбудуцца ў чэрвені цягам 18 дзён, прэм’еру хорару запланавалі сёлета на восень.

Кастынг актораў ужо распачаўся: творчая група запрашае маладых і цікавых галоўных герояў, якія змогуць ярка і нечакана згуляць у жанры хорару.

ДД

Глядзі таксама
Каментары