Курэйчык: Нават кіраўнік сельсавету ў нас лічыць сябе нейкім сакральным міні-сонейкам


У інтэрв’ю «Белсату» беларускі драматург разважае, чаму беларусы глядзяць на прадстаўнікоў улады як на «звышлюдзей».

«Сатырыкі заўсёды высмейвалі лізаблюдства. Калі на захадзе прынята, што ў кожнага чалавека свой характар, ты толькі рабі працу, паказвай эфектыўнасць, то ў нас – не. У нас асабісты падыход да працы. Пляваць як ты пішаш ці малюеш, галоўнае, каб ты характарам сумяшчаўся, правільна «абцякаў», – заявіў Андрэй Курэйчык у эфіры праграмы «Эксперт».

Драматург узгадвае, як быў на фестывалі ў Фінляндыі, які наведала прэзідэнт скандынаўскай краіны. Пры гэтым не было ніякіх металадэтэктараў і пільных вобшуках, а суправаджаў кіраўніка краіны толькі адзін ахоўнік.

«Нават ува мне абурылася гэта рабская псіхалогія: як гэта так! А для фінаў гэта нармальна. Яны лічаць, што яны наймаюць уладу, а мы лічым, што ўлада нібы даюцца нам зверху. Ужо нейкая ўнутраная барацьба ідзе з гэтым стэрэатыпам. Нам спатрэбіцца доўгі шлях. Бо ў нас нават узровень нейкага кіраўніка сельсавету, ён ходзіць і лічыць сябе нейкім сакральным міні-сонейкам на гэтай тэрыторыі», – адзначыў Андрэй Курэйчык.

Зараз драматург збіраецца за свае грошы зняць у Беларусі камедыю, якая будзе высмейваць стаўленне ўладаў да грамадзянаў і «савок» грамадства. У яе цэнтры будзе звычайны гараж у Шабанах, які сімвалізуе «саўковасць».

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары