Нязнаны Курдыстан: Арбіль – горад, які заўжды маўчыць. Відэадзённік Сяргея Марчыка і Конрада Загурскага


Сяргей Марчык і Конрад Загурскі паехалі ў Іракскі Курдыстан на аўтамабілі Fiat Multipla – і даехалі!

У відэанататках хлопцы фіксуюць свае прыгоды на тэрыторыі курдскай аўтаноміі. Сяргей Марчык распавядае:

«Мы даехалі на фінальную лінію фронту. З аднаго боку – войска Пешмэрга, з другога – войска «Ісламскае дзяржавы». За метраў 600–500 ад эпіцэнтру мы хутка разагналіся, нашая машына падскочыла і ўдарылася днішчам аб скалу. Увесь алей, які быў у рухавіку, выцек на дарогу. Мы думалі, што на гэтым нашая аўтагісторыя скончыцца».

Але хлопцы пайшлі здымаць лінію фронту, не звяртаючы ўвагі на аварыю.

«Мы пакінулі машыну. Калі вярнуліся, нашыя сябры-курды падчапілі нашае аўта да джыпу і завезлі на так званы аўтасэрвіс. Днішча аўта замазалі звычайнай шпаклёўкай, якой шпаклююць сцены. Так мы даехалі да Кіркуку, самага небяспечнага месца, дзе людзей крадуць і страляюць».

Дакументалісты Сяргей Марчык і Конрад Загурскі. Фота Instagram

Нарэшце маладзёны дабраліся да Арбілю (курдская назва Эўлер – аўтар) – сталіцы Іракскага Курдыстану. Да вайны тут быў сапраўдны эканамічны бум. Горад хутка развіваўся: інвеставалі Штаты, Еўропа, арабскія краіны.

«Калі пачалася вайна, пацярпеў, вядома, не толькі горад, але і людзі. І справа не толькі ў пагрозе жыццю. Да вайны выкладчыкі ва ўніверсітэце зараблялі 1500–1800 долараў. Цяпер яны зарабляюць дзесьці 500–600 долараў», – распавядае вядоўца дзённіку.

Рэшта грошай ідзе на падтрыманне арміі. Нягледзячы на гэта колькасць дарагіх аўтаў на вуліцах Арбілю зашкальвае, як выразіўся ў відэадзённіку Сяргей Марчык.

Якія людзі працуюць на кірмашы ў сталіцы Курдыстану? Што прадаюць на рынку Арбілю? З якімі краінамі цяпер гандлюе галоўны горад курдскай аўтаноміі? Адказы на гэтыя пытанні вы знойдзеце ў чарговым выданні дзённіку.

Глядзіце таксама: 

Неўзабаве выйдзе другая частка дакументальнага фільму пра турэцкі Курдыстан. Другі пакажа лёс курдаў у іншай дзяржаве, у Іраку.


«Забароненыя песні Курдыстану» – фільм «Белсату», які варта паглядзець кожнаму беларусу. Ён распавядае пра трагедыю народу, які падзелены паміж некалькімі дзяржавамі.

Лёс беларусаў і курдаў вельмі падобны, але нам пашанцавала: мы ўсё яшчэ маем незалежнасць. Хоць гэтак жа, як курды, пакутуем ад наступстваў знішчэння нашай інтэлігенцыі.

Але курды змагаюцца за незалежнасць, якой не маюць стагоддзі. Перш за ўсё, курдскі народ выходзіць на вулічныя пратэсты і ўзброена супраціўляецца захопнікам, пра што мы ведаем з выданняў міжнародных навінаў. Большасць жа сённяшніх беларусаў абыякавыя да палітыкі, і праз гэтае мы рызыкуем страціць суверэнітэт.

ВД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары