Курды атакавалі турэцкія танкі ў Сірыі


Курдскія апалчэнцы абстралялі ракетамі турэцкія танкі на поўначы Сірыі, забіўшы аднаго жаўнера і параніўшы траіх.

У паведамленні агенцтва «Анадолу» гаворыцца, што гэта першы загінулы турэцкі жаўнер падчас аперацыі «Шчыт Еўфрату», распачатай ўзброенымі сіламі Турцыі ў сераду. Параненых верталётамі эвакуявалі на турэцкую тэрыторыю.

Байцы збройнага крыла сірыйскай курдскай партыі «Дэмакратычны саюз» атакавалі турэцкія танкі ў раёне гораду Джараблус, які да нядаўняга часу знаходзіўся ў руках экстрэмісцкай арганізацыі «Ісламская дзяржава».

Турэцкія вайскоўцы ў адказ абстралялі пазіцыі курдскіх апалчэнцаў.

Пачынаючы аперацыю «Шчыт Еўфрату», Турцыя абвясціла, што яна накіраваная як супраць ІД, так і супраць курдаў.

Анкара імкнецца не дапусціць узмацнення ўплыву курдаў на поўначы Сірыі ў памежных з Турцыяй раёнах. Турэцкі ўрад лічыць ўзброеныя фармаванні курдаў тэрарыстычнымі арганізацыямі, нягледзячы на тое, што некаторыя з іх карыстаюцца падтрымкай ЗША, саюзніка Турцыі па НАТО.

Турэцкая армія падтрымлівае танкамі, спецназам і авіяцыяй дзеянні Свабоднай сірыйскай арміі, якая ваюе супраць ІД, а таксама супраць урадавых войскаў Сірыі і курдаў.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў