Курапаты, арышты і... дыялог? Беларускіх апазіцыянераў выслухалі ў польскім Сейме


У Камісіі замежных справаў польскага Сейму гавораць пра зацікаўленасць у развіцці дыялогу і эканамічных дачыненняў з Беларуссю, калі афіцыйны Менск спыніць рэпрэсіі ды пачне захоўваць правы чалавека. Беларуская апазіцыя тлумачыць, чаму сёння гэта немагчыма.

Замест польскага парламенту – у беларускі ізалятар

Склад беларускай дэлегацыі ў польскім Сейме быў няпоўны. Тры беларускіх апазіцыянеры – Рыгор Кастусёў, Мікалай Статкевіч і Павал Севярынец – замест таго, каб заняць крэслы ў залі, у гэты час займалі арыштанцкія шконкі ў ізалятарах.

Павал Севярынец і Рыгор Кастусёў трапілі туды за ўдзел у абароне Курапатаў і гэта выглядае як дэманстратыўны жэст для польскага боку. Бо менавіта польская дэлегацыя на мінулым тыдні пасля афіцыйнага адкрыцця мемарыялу ў Трасцянцы выправілася ў Курапаты. Улады ж паказалі, як яны ставяцца да тых, хто бароніць памяць камуністычных рэпрэсіяў. Рыгора Кастусёва схапілі ў момант, калі ён ехаў у аэрапорт, кіруючыся ў Варшаву.

Мова ці эканоміка?

Алена Анісім і Юрась Губарэвіч

Сустрэча прадстаўнікоў беларускай апазіцыі з Камісіяй замежных справах Сейму Польшчы адбываецца ў шырокім коле штогод. І штогод апазіцыянеры распавядаюць польскім дэпутатам пра сітуацыю ў Беларусі і магчымыя шляхі для дэмакратызацыі. З польскага боку сёлета ў сустрэчы бралі ўдзел сярод іншых дэпутаты Сейму – старшыня Камісіі Гжэгаж Схэтына, Робэрт Тышкевіч і Малгажата Гасеўска.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім перакананая, што галоўная бітва цяпер у Беларусі – за беларускую мову. «Я пракладаю ўсе намаганні дзеля таго, каб вярнуць беларускую мову ў заканадаўства, інфармацыйную прастору і адукацыю», – заявіла Анісім.

«Перадусім сёння – эканоміка», – заяўляе кіраўнік Руху За Свабоду Юрась Губарэвіч, маючы на ўвазе тое, у якім становішчы цяпер апынуўся рэжым Лукашэнкі. Юрась Губарэвіч лічыць, што ў адрозненне ад папярэдніх гадоў, цяпер Аляксандр Лукашэнка не мае вялікіх магчымасцяў для эксперыментаў у беларускай эканоміцы дзякуючы расейскім датацыям. На думку палітыка, гэта змушае Урад шукаць магчымасці для будавання сапраўды незалежнай і самадастатковай эканомікі, знаходзіць новых партнёраў, у тым ліку на Захадзе.

«Раней можна было колькі заўгодна імітаваць лібералізацыю, а потым замарожваць сітуацыю, бо за плячыма заўсёды была палітычнае падтрыманне Расеі. На сёння вялікіх спадзеваў на гэта рэжым Лукашэнкі не мае», – пакрэсліў палітык.

Неманалітная наменклатура і «еўрабеларусы»

Анатоль Лябедзька

Апазіцыйная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая падкрэсліла, што прыехала на сустрэчу разам са сваёй калегаю Аленай Анісім «на ўласныя страх і рызыку», а не ў афіцыйную камандыроўку. Ганна Канапацкая распавяла сваім польскім калегам, што на ейную думку беларускае грамадства змянілася і нават гатовае падтрымліваць апазіцыю. «Беларуская ўлада зацікаўленая ў тым, каб захаваць цяперашнюю вертыкаль, але я магу сказаць, што цяпер вы можаце знайсці ва ўладзе людзей, якія гатовыя да зменаў, якія гатовыя пад ціскам большасці прыслухацца і да голасу апазіцыі», – лічыць палітык.

Акрамя прадстаўнікоў улады і апазіцыі ў Беларусі ёсць яшчэ адна сіла, як яе акрэсліў лідар АГП Анатоль Лябедзька – «еўрабеларусы». Гэта тыя жыхары краіны, што падтрымліваюць еўрапейскія каштоўнасці і бачаць Беларусь у складзе Еўропы, а не Расеі. «Мы маем прыкладна 35-40% «еўрабеларусаў». Яны, а не Аляксандр Лукашэнка стратэгічны партнёр для Польшчы. Калі Захад будзе «сыходзіць» з Беларусі, у гэтых 35-40 % будзе расчараванне, а ў Беларусь усё больш будзе прыходзіць «расейскі мір». Гэта пагроза і гэта выклік».

«Расейцы ідуць»

«Змяншэнне падтрымання (з боку Захаду – рэд.) незалежных медыяў, дэмакратычнай супольнасці і апазіцыі прыводзяць да таго, што расейцы прыходзяць у Беларусь – праз расейскую амбасаду, расейскія фонды. Яны перакупаюць незалежныя СМІ, уваходзяць у грамадзянскую супольнасць, маючы сваіх адэптаў», – заўважае палітык Віталь Рымашэўскі.

Менавіта крамлёўскі ўплыў шэраг апазіцыянераў назвалі як адну з пагрозаў для дэмакратычнай Беларусі. Гэта расейскія пракрамлёўскія медыі, фонды і парамілітарныя арганізацыі.

«Расея мае магчымасці і грошы ды ўкладае значныя сродкі ва ўласныя адзінкі ў выглядзе парамілітарных арганізацыяў, think tank-аў, арганізацыі рознага кшталту маршаў, як на 9 траўня», – зазначыў намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксандр Стральцоў.

Дыялог ці санкцыі?

Гжэгож Схетына і Роберт Тышкевіч

«Мы апынуліся ў замкнёным палітычным коле, і гэта выклікае фрустрацыю ў польскіх партнёраў: увесь час маятнік хістаецца ад дыялогу да санкцыяў. І мы мусім знайсці выхад з гэтага кола», – кажа Аляксандр Стральцоў. На ягоную думку выхадам можа быць «шматшляховая» палітыка: Польшча мае падтрымліваць кантакты і з апазіцыяй, і з уладамі.

На думку палітыка Уладзіміра Някляева, дыялог паміж афіцыйным Менскам і Бруселем, краінамі Захаду стаўся інструментам для кансервацыі цяперашняй сітуацыі ў Беларусі. Больш за тое – ускоснаю падтрымаю для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Больш радыкальную пазіцыю мае экс-кандыдат на прэзідэнта Андрэй Саннікаў. «Адзінае, што можа стрымаць рэпрэсіі – гэта санкцыі», – кажа палітык. Ён перакананы, што спачатку патрэбны дыялог унутры краіны, а дыялог паміж афіцыйным Менскам і Бруселем да пазітыўных зрухаў не прывядзе.

Сустрэча адбывалася на фоне паказальных судоў пасля затрыманняў 3 ліпеня і перманентнага пераследу абаронцаў Курапатаў. Гэты віток рэпрэсіяў знайшоў адлюстраванне ў заяве Камісіі замежных справаў – чальцы Камісіі звярнуліся да Ураду Польшчы з просьбаю прыкласці намаганні, каб абараніць апазіцыйных актывістаў і палітыкаў, што апынуліся пад арыштам.

«Мы хочам выказацца ў гэтым пытанні, як Камісія замежных справаў, – кажа дэпутат польскага Сейму Роберт Тышкевіч, – Мы хочам пайменна агучыць усіх асобаў, якія з палітычных матываў трапілі пад арышт».

У гэтым спісе – восем прозвішчаў.

У заяве Камісіі гаворыцца таксама пра неабходнасць павелічэння падытрамання для дэмакратычных грамадскіх рухаў ды лакальных ініцыятываў. «Камісія застаецца зацікаўленаю развіццём дыялогу і гаспадарчых дачыненняў з Беларуссю. Аднак умоваю далейшай нармалізацыі стасункаў Беларусі і Польшчы ды ЕЗ мусіць заставацца спыненне рэпрэсіяў, правядзенне вольных выбараў і захаванне правоў чалавека і грамадзяніна», – гаворыцца ў заяве.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў