Кур’ёзная кінаалея ў Горадні: чыноўнікі ўсё наблыталі

photo

Урачыстае адкрыццё кінаалеі ў Горадні

Да дня гораду, які святкаваўся 23 верасня, гарадзенскія чыноўнікі ўрачыста адкрылі кінаалею на Савецкай вуліцы ля былога кінатэатру «Гродна». Паводле задумы, кожная гранітная пліта мае сімвалізаваць фільм, які здымаўся ў Горадні. Атрымліваецца амаль галівудская алея зорак.

Агулам плітаў зараз восем, але ў перспектыве лічбу плануюць дагнаць да дванаццаці. Натхняльнікам ідэі выступіў блізкі да гарвыканкаму кіраўнік фотаклубу «Гродна» Аляксандр Ласмінскі, які ўжо ахрысціў Горадню «беларускай кінасталіцай». Задума, на першы погляд, цудоўная і нетрывіяльная, але і тут знайшліся свае падводныя камяні.

«Хрыстос прызямліўся… у Крыму»

«Акрамя «Белых Росаў» і «Я родам з дзяцінства», рэшта фільмаў наагул не цягнуць на высокі гатунак, дык чым хваліцца? – Задаецца пытаннем гісторык і краязнавец Ян Лялевіч. – Гэта не той узровень, каб дэманстраваць турыстам, што яны тут здымаліся. Але добра, каб яны наагул тут здымаліся! З васьмі прадстаўленых фільмаў у Горадні часткова ці поўнасцю здымаліся ўсяго чатыры».

Няўжо чыноўнікі ад культуры гэтак наблыталі? Лялевіч прыводзіць аргументы па кожнаму з фільмаў.

«Раскіданае гняздо» – цудоўны фільм паводле твору Купалы, але гарадскіх сценаў у кадры няма ў прынцыпе. Ёсць невядомы маёнтак, дзе разварочваецца адна са сцэнаў, рэшта – сялянскія хаты ды вясковыя ландшафты. А як інакш? Купала ж акурат вёску апісваў. Ніякага вялікага гораду, і Горадні ў прыватнасці, у фільме няма.

Уладзімір Гасцюхін і Мікалай Яроменка ў фільме «Сын за бацьку», які здымаўся ў Менску

«Сын за бацьку» – можна дапусціць, што кінагрупа сапраўды прыязджала ў Горадню ды нешта здымала ў раёне колішняга рэстарану «Зубр», найхутчэй, пробнікі для кінашэрагу. Збольшага ж цалкам адназначна, што фільм здымаўся ў Менску і Заслаўі. Прынамсі ў аўтарскай версіі стужкі – Горадні няма.

«У жніўні 44-га» – фільм, пра які чамусьці ўсе кажуць як пра адзін з «гарадзенскіх». Фільм здымаўся ў Менску (маляўнічы спуск на вул. Герцэна) і Слоніме. У стужцы ёсць загадкавыя кадры пагоні на машынах у нейкім горадзе, але гарадзенскага ландшафту знаўцы і там не заўважылі.

«Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Кадр з фільму

«Хрыстос прызямліўся ў Гародні» – тут ад сапраўднай Горадні ёсць прынамсі назва, узятая ад агульнавядомага раману Караткевіча, але больш… нічога. Фільм здымаўся ў Крыму. Таксама былі выкарыстаныя кадры прыроды Беларусі, але зусім не гарадскія краявіды.

«Казаць пра Горадню, як пра «сталіцу беларускага кіно» – гэта кіч»

«Сапраўды гарадзенскія фільмы, па якіх можна прачытаць архітэктуру і атмасферу гораду – гэта «Белыя Росы», «Мяне завуць Арлекіна», з нацяжкай «Міколка-паравоз» ды «Я родам з дзяцінства», які здымалі ў нас ды ў Смаленску. «Сляды апосталаў», па-шчырасці і згадваць не хочацца праз нізкую якасць фільму», – лічыць Лялевіч.

З фільмамі, якія яшчэ маюць трапіць на кінаалею ў перспектыве, не менш цікава. Якія зорныя пліты маюць з’явіцца ў цэнтры гораду наступнымі?

Гранітныя пліты з назвамі фільмаў на кінаалеі

«Ясь і Яніна», фільм, які здымаўся з удзелам «Песняроў». Але зноў жа – дзе? У вёсцы Верцялішкі пад Горадняй ды… у Гомлі (прычал на Сожы). Ніякіх краявідаў з гораду над Нёмнам няма.

Фільм «Анюціна дарога» прысвечаны таму, як беларускія сяляне падтрымалі Кастрычніцкую рэвалюцыю, зняты, як кажуць, у лепшых традыцыях сацрэалізму. У стужцы на працягу некалькіх імгненняў мільгае стары гарадзенскі вакзал і… усё. Большасць кадраў з мураванымі будынкамі здымаліся ў Маламажэйкаўскім раёне.

«Мне падаецца, што Менск куды больш заслугоўваў бы званне «беларускага Галівуду», хаця б па колькасці рэжысёраў, якіх ён прыцягвае: ад усім вядомых творцаў да стваральнікаў расейскіх серыялаў. А казаць пра Горадню, як пра «сталіцу беларускага кіно» – гэта кіч, перацягванне цалкам непатрэбнай коўдры. Трэба сябе не паважаць, каб 1,5-гадзінныя фільмы, дзе ёсць 1-2 хвіліны твайго гораду, рабіць нейкімі фетышамі», – рэзюмуе Лялевіч.

Шэраг апошніх фільмаў, якія сапраўды здымаліся ў Горадні, чамусьці, прысвечаныя выключна ІІ Сусветнай вайне. Гэта «Дняпроўскі рубеж» (дзе Горадня апынулася Магілёвам), «Бабін яр» (адпаведна – Кіевам), вышэйзгаданыя «Сляды апосталаў» (Берлінам). Такім чынам сам горад у лепшым выпадку фігуруе ў якасці дэкарацыяў для постсавецкіх батальных фільмаў на адну і тую ж тэматыку.

Алесь Кіркевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары