Куды прапаў скандальны «Авель»? Прэм’ера адкладаецца, бюджэт расце


Прэм’ера беларускага фільму «Авель» зноў адкладаецца. Фільм паказалі міністру культуры, але рэшта беларускіх гледачоў убачыць яго не вельмі хутка.

Яшчэ да прэм’еры стужку назвалі самым дарагім і скандальным праектам беларускага кіно, падае партал Naviny.by.

Прадзюсары пакуль адмаўляюцца назваць канчатковы бюджэт. У базах дадзеных сусветнага кіно фільм ацэнены ў $ 5 млн.

Новы ўзровень беларускага кіно?

У 2013 годзе прыватная кінакампанія «Nonstop Media» стала пераможцам конкурсу нацыянальных кінапраектаў, абвешчанага Міністэрствам культуры Беларусі. Фільм «Авель» (пазней назву змянілі на «Мы, браты») апавядае аб разладзе і ўз‘яднанні двух братоў у кантэксце падзей сучаснай Беларусі. Аўтары не хаваюць, што ў фільме ёсць эпізоды, якія закранаюць падзеі Плошчы-2010, аднак падкрэсліваюць, што «гэта мастацкі фільм, а не рэканструкцыя».

Амбіцыйны праект, па заяве яго стваральнікаў, павінен вывесці беларускі кінематограф на новы ўзровень. Бо ў фільме здымаюцца зоркі Галівуду, і шырокі пракат абяцаюць не толькі для Беларусі, але і ў Еўропе, Канадзе і нават ЗША.

На афіцыйным сайце фільму па-ранейшаму паведамляецца, што прэм’ера стужкі адбудзецца восенню 2014-га. На календары – люты 2015-га, а «Авеля» ўсё няма.

Ці пакажуць кіно?

Па словах прадзюсара Сяргея Ждановіча, «фільм з кожным разам набывае новы якасны ўзровень», таму прэм’ера адкладаецца, але абавязкова адбудзецца.

«Калі б задача была лакальна пакінуць фільм у Беларусі, яго б ужо даўно паказалі. Але каб задаволіць стандарты замежных дыстрыбютараў, трэба адпаведна рабіць карціну. Таму я прыцягнуў дадатковыя рэсурсы, каб правесці пост-прадакшн у Амерыцы – колеракарэкцыю, графіку і гук. Усё гэта робіцца ў Лос-Анджэлесе.

Першапачаткова агучвалася, што бюджэт фільма складзе $ 2 млн. Паводле інфармацыі кінакрытыка максіма Жбанкова на «Авель» «пайшла ўся доля бюджэту, разлічаная на гадавую падтрымку ўсяго беларускага кіно».

«Апошні транш быў 29 снежні 2014-га. 20 млрд. беларускіх рублёў. Гэта што, 2 млн. долараў? У нас дагавор быў па курсе 8700. Вядома ж, я разлічыўся з усімі па іншым курсе. І зачыніў усе даўгі. З бюджэту не дадалося ні капейкі», – сцвярджае прадзюсар.

Аднак міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў на сённяшняй прэс-канферэнцыі агучыў іншую «дакладную суму», якая была выдзелена для стварэння гэтага праекту – 20 млрд. 563 млн. 567 тыс. 135 рублёў. Гэтыя сродкі, па словах чыноўніка, былі закладзены ў праект яшчэ ў 2013 годзе, да пачатку конкурсу. Пры гэтым грошы падаваліся выканаўцу праекту некалькімі траншамі, апошні з якіх быў пералічаны ў снежні 2014 года.

Ждановіч настойвае, што заклаў уласную студыю і кватэру, каб закрыць усе фінансавыя пытанні па фільме. Назваць канчатковую суму бюджэту ён адмаўляецца – «камерцыйная таямніца». У найбуйнейшай базе дадзеных пра кіно imdb.com бюджэт фільму «Мы, браты» ацэнены ў $ 5 млн. Аўтарытэтная расейская база дадзеных «КиноПоиск» з такой ацэнкай згодная.

Ці прыцягваліся спонсары? На гэтае пытанне Сяргей Ждановіч таксама палічыў за лепшае не адказваць, хоць у інтэрнэце была інфармацыя, што ён асабіста рассылаў бізнесменам лісты з просьбай фінансава падтрымаць карціну.

Аднак буйныя беларускія прадпрыемствы «Трайпл», «Амкадор», «Тытунь-інвест», «Белнафтахім», «Нафтан» адмаўляюцца, што вылучалі грошы на здымкі фільму «Мы, браты».

Міністр культуры: Стужка з’явіцца ў пракаце не раней восені 2015-га

Па словах Ждановіча, 19 лютага міністр культуры Беларусі асабіста паглядзеў поўную версію фільму. Напярэдадні прадзюсар сустракаўся з двума намеснікамі міністра культуры Расеі і заручыўся іх падтрымкай.

«Яны будуць садзейнічаць дыстрыбуцыі. Гэты фільм сапраўды актуальны, асабліва на фоне сумных падзей у Украіне, дзе ідзе братазабойства», – кажа Ждановіч.

Паводле яго слоў, у кінатэатрах фільм можна паказаць хоць заўтра.

«Мы маглі б паказаць фільм у Беларусі 17 красавіка. Нехта б сказаў, што добра, хтосьці – дрэнна. Што далей? Фільм у дыстрыбуцыю не ідзе, вы гэта разумееце? У нас жа задача паказаць карціну не толькі ў Беларусі, але яшчэ і ў Расеі, Украіне, Еўропе, Канадзе… Я зраблю ўсё, каб у траўні пасля Канаў (Канскага кінафестывалю – Belsat.eu) пайшла сусветная дыстрыбуцыя карціны», – адзначыў прадзюсар.

Аднак, як заявіў 27 лютага міністр культуры Барыс Святлоў, «Мы, браты» з’явіцца ў пракаце не раней восені 2015-га года. 

МЯ, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары