Куды падацца са сваёй Эболаю?


Галоўны санітарны ўрач Беларусі заяўляе, што нашыя медыкі падрыхтаваныя да барацьбы з распаўсюдам Эболы. Журналісты «Белсату» спраўдзілі, ці так гэта насамрэч.

Да доктара! І рукі мыйце!

Галаўны боль, ванітаванне крывёю і высокая тэмпература – гэта некаторыя з тых сімптомаў, якія могуць сведчыць пра ліхаманку, выкліканую вірусам Эболы. Зрэшты, падобныя сімптомы могуць сведчыць і пра іншую вострую інфекцыю. Але калі асоба нядаўна была ў краінах, дзе выяўленая Эбола – трывога становіцца абгрунтаванаю.

Мы «апранулі маску» спалоханага менчука, у якога сваяк два тыдні таму прыляцеў з Гвінеі і цяпер мае такі небяспечны набор сімптомаў.

– Вам не талончык трэба, а «хуткую» выклікаць, – гэтак рэагуюць у рэгістратуры ў 6-й цэнтральнай паліклінікі Ленінскага раёну.

– А пра Гвінею казаць трэба?

– Кажыце ўсё, а там разбяруцца.

– А калі гэта Эбола, ці я не заражуся? І «хуткая» таксама?

– Малады чалавек, калі ў вашага сваяка такія сімптомы, званіце ў «хуткую».

«Хуткую» турбаваць мы не сталі – за ілжывы выклік можна і штраф заплаціць. Замест гэтага мы звярнуліся гарадскую клінічную інфекцыйную больніцу. Гэтым разам «захварэў» наш калега, які два тыдні таму праз Маскву таксама вярнуўся з Гвінеі, ляжыць ўдома і спрабуе лячыцца парацэтамолам.

– Няхай ваш калега звернецца да ўрача. Калі такая тэмпература – у «хуткую», – кажа доктарка з прыёмнага аддзялення. – Не хоча да доктара? Дык паўплывайце на яго, скажыце што трэба і ўсё.

– А калі ў яго Эбола? Што нам рабіць – ён жа з намі тут працаваў?

– А што вам рабіць? Нічога не рабіць, калі сімптомаў няма. Назірайце за сваім самапачуццем, калі што – адразу да доктара. Захоўвайце асабістую гігіену, мыйце рукі.

«Хуткая» ужо выязджала

5 фактаў пра Эболу

Пад асабліваю ўвагаю медыкаў – менскі аэрапорт, куды могуць прыляцець носьбіты вірусу. У медпункце Нацыянальнага аэрапорту Менску запэўніваюць, што на гэты выпадак для выяўлення хворых ўрачы з адмысловай службы здароўя маюць цеплавізары ды інфармацыю ад памежнай службы – адкуль прыбыў пасажыр.

«Калі ёсць пасажыры з Афрыкі, то яны праходзяць праз гэты цеплавізар і так выяўляюцца пасажыры з павышанаю тэмператураю. Тады іх адразу тут у аэрапорце апытваюць, кансультуюць», – кажа загадчыца медпункту.

Паводле яе, некалькі разоў да пасажыраў, у якіх падазравалі вірус Эболы, выклікалі «хуткую» – медыкі на гэты выпадак прыязджалі ў адмысловых супрацьчумных камбінезонах. Пацыентаў ізалявалі, праводзілі дыягностыку, аднак гэтай небяспечнай хваробы не выявілі.

Сонныя «гарачыя лініі» медыкаў

На сайтах медычных ведамстваў можна знайсці тэлефоны «гарачых ліній» і, па ідэі, атрымаць неабходную інфармацыю пра хваробу, ці прынамсі – інфармацыю да каго звяртацца «са сваёй Эболаю».

Аднак адмысловы нумар лініі па пытаннях прафілактыкі інфекцыйных захворванняў у менскай гарадской санітарна-эпідэміялагічнай службе не адказваў. Таксама як і «гарачая лінія» клінічнай больніцы хуткай медычнай дапамогі ў Менску.

Санітарныя службы запэўніваюць, што ад моманту з’яўлення інфармацыі пра Эболу, беларускія медыкі атрымалі ўсе неабходныя веды пра новую хваробу. А ў беларускіх інфекцыйных больніцах дастаткова ізаляваных боксаў і адмыслоўцаў, каб змагацца з хваробаю. А вось магчымасці атрымаць неабходную інфармацыю ў грамадзянаў досыць сціплы.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў