Куды найчасцей едуць працаваць беларусы, і хто прыяжджае да нас


Колькасць суайчыннікаў, якія знайшлі працу за мяжою, працягвае расці. Такія дадзеныя падае Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС.

У першым квартале за мяжой «аселі» 1839 грамадзянаў Беларусі, што на 719 чалавек больш, чым у першым квартале летась. Адваротная статыстыка сярод замежнікаў, якія прыехалі працаваць у Беларусь. За аналагічны перыяд сёлета іх колькасць зменшылася 801 асобу.

Беларусы найчасцей знаходзяць працу ў Расеі (1128), Польшчы(508) і Літве (55). Працаваць за мяжу зʼязджае амаль у два разы больш мужчын, чым жанчын. Пры гэтым менш за ўсё зʼязджаюць жыхары Менскай (62) і Берасцейскай вобласці (75).

Да нас едуць – кітайцы і ўкраінцы

У першым квартале ў Беларусь прыехалі 4369 працоўных мігрантаў з 71 краіны – у тым ліку па адным чалавеку з Непалу, Трынідада і Табага, Кот-дʼІвуару. Больш за ўсё ў студзені-сакавіку да нас прыехалі грамадзяне Кітаю (1713), Украіны (1153), Расеі (591), Літвы (87), Арменіі (84), Узбекістана (83) і Казахстана (83). Больш за ўсё працоўных мігрантаў можна сустрэць у Менску (2387), а менш за ўсё – у Магілёўскай вобласці (116).

ДР belsat.eu паводле tut.by

Стужка навінаў