«Проста так мяне не выпусцяць». Міліцыянт, які затрымаў дачку суддзі, сядзіць у адзіночцы


Лейтэнанту Міхаілу Куцко працягнулі тэрмін следства да 20-га траўня і адмовілі ў хатнім арышце. Наталля Куцко кажа, што следчыя працягваюць шукаць доказы ягонае віны. Міліцыянт сядзіць у адзіночнай камеры і перачытвае «Архіпелаг ГУЛАГ».

Міхаіла Куцко арыштавалі 23 студзеня паводле артыкулу 430 КК (атрыманне хабару), цяпер ён знаходзіцца пад вартаю ў гарадзенскай турме № 1. Яшчэ ў верасні, прадчуваючы небяспеку, міліцыянт запісаў відэа, дзе распавёў сваю гісторыю. Частку запісаў ён перадаў «Белсату», частку захоўвае як меру абароны.

«Як мне распавёў наш адвакат, ужо два разы тэлефанавалі, пыталіся, ці няма ў Міхаіла запазычанасці па аліментах (у яго няма). Проста, паколькі адсутнічаюць доказы яго віны, шукаюць хоць штосьці. Раней казалі, што ёсць нейкі аўдыязапіс, аднак там вельмі дрэнная якасць, і пра грошы ані слова. Зараз разам з адвакатам чакаем, што будзе далей», – распавядае жонка Міхаіла, Наталля.

Увесь Следчы камітэт перарабляе дакументы

Як Наталлі паведаміў адвакат мужа, на Алену Б. – яшчэ адну фігурантку справы, якую Міхаіл Куцко затрымаў за распаўсюд парнаграфіі ў сеціве, павінная быць заведзеная крымінальная справа. Жанчыну збіраюцца звольніць з працы.

Аднак ці дапаможа гэты факт у справе Міхаіла Куцко – не вядома, – лічыць жанчына.

Форма Міхаіла Куцко, якую ўдалося захаваць пасля вобшука.

Як сцвярджае Міхаіл, Алена Б. – інспектар па справах непаўналетніх у Шчучыне. Акрамя таго, яна – дачка і пляменніца шчучынскіх суддзяў, якую былы міліцыянт абвінаваціў у распаўсюдзе парнаграфіі ў інтэрнэце.

Сам Міхаіл лічыць, што быў пакараны менавіта за тое, што перайшоў былой калезе дарогу.

«Міхаіла кожны дзень цягаюць на допыты. Цікавяцца відэазапісамі. Ён піша шмат скаргаў. Вельмі шмат. Так раіў адвакат. Міша нядаўна заўважыў, што яго прымушалі падпісваць нейкія старыя бланкі, якімі ў міліцыі ўжо даўно павінныя былі перастаць карыстацца. Пасля яго скаргі цяпер увесь Следчы камітэт перарабляе дакументы. Ён ім ужо папярок горла стаіць, але сам Міша кажа, што без тэрміна яго не выпусцяць».

«Рэальны тэрмін»

Абуральным для затрыманага стаў артыкул газеты «Вечерний Гродно», які з’явіўся 8-га лютага. Паводле яго, на прэс-канферэнцыі начальнік УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Вадзім Сіняўскі заявіў, што «будзе рэальны тэрмін заключэння адназначна, ніякіх сумневаў у гэтым няма».

«Я пыталася ў следчага, як такое магчыма? Следства яшчэ не скончылася, а начальнік УУС ужо выдае прысуд. Што – яны ўжо ўсё вырашылі? Ці як гэта разумець? Следчы мне толькі адказаў, што гэта асабістае меркаванне начальніка. Што значыць «асабістае меркаванне»? Меркаванне, якое заранёў з’яўляецца прысудам? Мы з адвакатам былі проста ў шоку», – тлумачыць жанчына.

«Я баяўся, што мяне забяруць у калонію, як Мішу»

Напрыканцы сакавіка пасля чарговай апеляцыйнай скаргі Міхаіла Куцко, супалі наступныя падзеі. Адразу пасля скаргі 19 сакавіка, над 11-цігадовым прыёмным сынам Міхаіла Куцко правялі адміністратыўнае разбіральніцтва за выкінутае смецце ў вакно.

«20-га мне тэлефануе класная кіраўніца і кажа, што прызначаная камісія па справах непаўналетніх. Ну, вы, пытаецца, нібыта ў курсе. Пытаю, з якой нагоды. Вось, кажа, сказалі вынесці справу са смеццем на грамадскі рэзананс, разглядзець на камісіі гэты выпадак. Прыйдзіце з дзіцём, будзе прымацца рашэнне ставіць яго на ўлік або не. Я была ў шоку. Думаю, які ўлік?! Што ўвогуле адбываецца? Аказалася, што да майго сына ў школу прыходзіў інспектар па справах непаўналетніх, праводзіў «апытанне», як ён гэта назваў і прымусіў маё 11-ці гадовае дзіця падпісваць нейкія дакументы. Дзеці ставяць подпіс з 16-ці, а яго прымусілі дакументы падпісваць! Пры тым, што я прасіла мяне паведаміць, каб я таксама прысутнічала пры размове», – распавядае Наталля.

Першы супольны здымак Міхаіла і Наталлі пасля таго, як яны сталі жыць разам.

«23-га сакавіка прыйшлі мы на гэтую камісію,  – распавядае спадарыня Наталля. – Сядзяць там дзесяць жанчын, сацыяльныя педагогі, сацыяльныя службы, начальнік па справах непаўналетніх – агулам дваццаць чалавек у кабінеце. Паставілі сына па цэнтру зала, і пачынаюць дапытваць, як у судзе злачынцу. Такім тонам: расказвай, што ты натварыў, што ты зрабіў. Я кажу: не цісніце на маё дзіця. Што гэта ўвогуле такое? Гэта, кажуць, – нармальная стандартная працэдура па адміністратыўнаму працэсу. Кажу, якому працэсу?

Адміністратыўны працэс пачынаецца ў дзяцей з 14-ці гадоў! У выніку, нібыта, на першы раз «прабачылі». Але Вы можаце сабе ўявіць, каб дзіця ставілі на ўлік за выкінутае смецце? І ўвогуле, я, як мама, павінная была быць папярэджаная або пастаўленая ў вядомасць, што майго сына дапытвалі. Я лічу, што былі закрануты правы майго дзіцяці, калі яго прымусілі падпісваць нейкія паперы ў 11 год. Канешне, я, ды ўся школа, былі шакаваныя».

 

«Не магу сказаць, наколькі гэта звязана з Міхаілам, аднак публічнае адміністратыўнае разбіральніцтва над 11-ці гадовым хлопчыкам за выкінутае смецце акурат пасля скаргі Мішы, выглядае вельмі дзіўна», – тлумачыць Наталля.

Дагэтуль хлопчык Савелій марыў стаць міліцыянерам і рыхтаваўся да Сувораўскага вучылішча.

Мундзір Міхаіла Куцко.

«Пытаюся, сынок, чаму ты мне нічога не расказаў, што дзядзя ў школу прыходзіў? А ён мне: Мамачка, я баяўся, што мяне ў калонію забяруць, як Мішу», – распавядае маці.

Міхаіл Куцко дагэтуль знаходзіцца ў адзіночнай камеры, у якой звычайна трымаюцца «асабліва небяспечныя» або «палітычныя». Апошняе, што ён прасіў жонку перадаць – кніга «Архіпелаг ГУЛАГ». «Пісаў, што падабаецца», – кажа Наталля.

ПВ

Стужка навінаў