Ксёндз, які падорыць кветкі ўсім жанчынам


Вясна ўжо афіцыйна прыйшла, але хочацца яе і адчуць па-сапраўднаму. Да прыкладу, атрымаць вось такі вясновы сімвал. Цюльпаны жыхаркам Росіцы ды іншых вёсак Верхнядзвінскага раёну дорыць мясцовы ксёндз.

«Жаночы дзень, свята. Хочацца павіншаваць сябровак, парафіянак. Усім хто мне дапамагае – гэтымі кветкамі зрабіць ім такую радасць», – гаворыць Чэслаў Курэчка, кіраўнік парафіі Святой Троіцы ў Росіцы.

Айцец Чэслаў кветкі вырошчвае сам. А да сваёй задумы павіншаваць жанчын з 8-ым сакавіка паставіўся надзвычай сурʼёзна – кветкі жыхаркі і прыхаджанкі атрымалі нават у самых далёкіх вёсках.

Сваймі кветкамі ксёндз не толькі цешыць вока – гэтак ён яшчэ і ўшаноўвае памяць росіцкай трагедыі.

«Як прыехаў у Росіцу, то ў першую чаргу прывёз 1528 чырвоных туліпанаў-цыбулінак і пасадзіў каля касцёлу. Таму што столькі людзей загінулі падчас вайны, былі зверскі закатаваныя, замучаныя, спаленыя», – распавядае айцец.

Мясцовыя кажуць, што Росіцы цяпер не пазнаць. Калісьці занядбаная тэрыторыя ля касцёлу ўвесну квітнее ці не дзясяткамі гатункаў кветак. Ксёндз арганізуе, яднае, дапамагае. У студзені яму нават уручылі прэмію «За духоўнае адраджэнне». Але лепшай узнагароды за ўдзячнасць людзей няма.

«Такога, як ксёндз Чэслаў у нас яшчэ не было, каб так душу ўклаў у нашую родную вёску, у нашую родную зямлю», – гаворыць мясцовая жыхарка спадарыня Леангіна.

І будзе працягваць гэта рабіць, бо, як кажа айцец Чэслаў, для яго гэта сапраўднае шчасце – ці то ў свята, ці то без нагоды.

Гання Любакова, belsat.eu

Стужка навінаў