Ксенія Сабчак у праграме Юрыя Дудзя: Ты не ведаеш, колькі рэчаў схавана ў маім прэзідэнцтве


Інтэрв’ю блогера і журналіста Юрыя Дудзя з Ксеніяй Сабчак, якая абвясціла аб вылучэнні ў прэзідэнты, за содні паглядзелі амаль 2 млн чалавек.

«У Расеі так склалася, гэта, вядома, дрэнна, жыве вялікая колькасць людзей, якія гатовыя прагаласаваць за мужыка, але не гатовыя прагаласаваць за жанчыну», – распачаў гутарку Дудзь.

«Ты сексіст! Хто сказаў, што людзі не будуць галасаваць за жанчын?», – адказала Сабчак.

Падчас размовы Сабчак трымалася вельмі ўпэўнена і годна адбівала атакі Дудзя. Калі б гэта быў «батл», яна б перамагла.

Вядоўца распавяла пра асабістую сустрэчу з Навальным, на якой абмеркавала свой магчымы ўдзел у выбарах. Паводле Сабчак, яна прапанавала апазіцыйнаму палітыку распрацаваць альтэрнатыўны план на выпадак, калі яго не зарэгіструюць. Аднак той адмовіўся, заявіўшы, што «галасы не перадаюцца».

Акрамя таго, Сабчак і Дудзь абмеркавалі зносіны тэлевядоўцы з Уладзіславам Сурковым, сорам за тэлепраект «Дом-2», Пуціна і яго сямʼю, даходы, сексізм (Сабчак абвінаваціла Дудзя, што ён абмяркоўвае жанчын як кароў), тое, чаму вылучэнне Сабчак выглядае як «дагаворны матч», і чаму пачала ўдзельнічаць у пратэстах.

«Ты не ведаеш, колькі рэчаў схавана ў маім прэзідэнцтве. Ты не ўяўляеш, колькі рэчаў ты пабачыш у бліжэйшыя месяцы», – сказала Сабчак Дудзю.

На пытанне Дудзя «Апынуўшыся перад Пуціным у наступны раз, што ты яму скажаш?», Сабчак адказала: «Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін, сыходзьце».

Тры першыя рэчы, якія Сабчак зрабіла б у выпадку перамогі на выбарах:

1. Распусціць Дзярждуму, шалёны прынтар, які штампуе законы. Сабраць новую.

2. Прыбраць Леніна з Чырвонай плошчы.

3. Адкрыць уваход у Крэмль.

Ксенія Сабчак стала першай жанчынай, у якой Юры Дудзь узяў інтэрвʼю для свайго праекту «вДудь». Дудзь запрасіў Сабчак у праграму 19 кастрычніка, назваўшы яе вылучэнне ў прэзідэнты «самым дзіўным учынкам году».

Юрый Дудзь – расейскі журналіст, галоўны рэдактар ​​Sports.ru. На YouTube-канале «Вдудь» ён выкладвае інтэрв’ю з вядомымі людзьмі.

18 кастрычніка Сабчак абвясціла, што хоча балатавацца на пост прэзідэнта Расеі. Яна назвала сябе кандыдатам «супраць усіх». Ксенія Сабчак, аднак, адзначыла, што здымецца з выбараў у выпадку рэгістрацыі ў якасці кандыдата палітыка Аляксея Навальнага.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары