Крывавая малітва: ля сінагогі ў Іерусаліме забітыя 5 асобаў, 8 параненыя


Ля сінагогі ў іерусалімскім квартале Хар-Ноф адбылася разня: двое мужчынаў арабаў, узброеных сякерамі і пісталетамі, прабраліся да ўваходу ў будынак, і напалі на габрэяў, якія збіраліся на малітву. Паліцыя ліквідавала тэрарыстаў.

Ізраільскія СМІ ўжо ахрысцілі здарэнне, як самы крывавы тэрарыстычны акт за доўгі час.

Прадстаўнікі «Хамас» у Сектары Газа заявілі, што сённяшнія ахвяры – акт помсты за забойства кіроўцы аўтобуса, цела якога 16 лістапада знайшлі павешаным у гаражы кампаніі «Эггед». Сям’я загінулага і арабская прэса з упэўненасцю заяўляюць, што мужчыну забілі на глебе нацыянальнай нянавісці.

За апошнія некалькі тыдняў хваля гвалту ў Ізраілі і на палестынскіх тэрыторыях вырасла. Пяць ізраільцянаў і адзін замежнік былі забітыя палестынцамі цягам мінулага месяца. Былі забітыя таксама каля дзясятка палестынцаў, у тым ліку тыя, каго абвінавачвалі ў здзейсненых нападах.

Канфлікт паміж Палестынаю ды Ізраілем абвастрыўся ў палове чэрвеня, калі на заходнім беразе ракі Іярдан забілі трох ізраільскіх падлеткаў. У помсту ізраільскія злачынцы выкралі і спалілі жыўцом 16-гадовага палестынскага юнака.

Тэрарызм шагае па планеце

Згодна з апублікаваным дакладам Global Terrorism Index сёлета ахвярамі тэрарыстычных актаў па ўсім свеце сталі амаль 18 тысячаў чалавек – гэта на 61% больш, чым летась.

Такі рэзкі ўсплёск тэрарызму тлумачыцца грамадзянскай вайной у Сірыі, піша BBC.

Самымі «пладавітымі» тэрарыстамі з’яўляюцца баевікі «ІД», «Аль-Каіды», «Бока-Харам» і «Талібану», якія выкарыстоўваюць рэлігіозную ідэалогію на аснове экстрымісцкай інтэрпрытацыі ваххабізму. Аднак рэлігія не адзіная прычына для тэрору, сцвярджаюць аўтары даследвання.

«Існуе шмат мірных мусульманскіх краінаў, якія не пакутуюць ад тэрарызму, такіх як Катар альбо Кувейт, яны дэманструюць уплыў іншых сацыяльных, палітычных і геапалітычных фактараў».

Самая ж вялікая колькасць ахвяраў сёлета прыпадае на Ірак, дзе ад тэрактаў пацярпелі больш за 6 тысяч асобаў. За ім ідуць Афганістан, Пакістан, Нігерыя і Сірыя.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў