Крыніца ў расейскай калоніі: асуджанага катавалі тры дні і зламалі шыю, кляп уставілі пасля


Сюжет «Вот так» про трагедию под Брянском

Крыніца з Папраўчай калоніі-6, што пад Бранскам, распавяла «Белсату» пра страшныя падрабязнасці смерці асуджанага.

Смерць наступіла 22 ліпеня, але Следчы камітэт паведаміў пра яе толькі праз два дні. Афіцыйная прычына – здушэнне.

Асоба з калоніі распавяла іх былому зняволенаму Аляксандру Бакуліну (адбываў пакаранне таксама ў ПК-6), які пераказаў інфармацыю Belsat.eu.

«Быў званок даволі доўгі, хлопцы выхітрыліся патэлефанаваць, паведаміць, што ў СМІ трапляе няслушная інфармацыя па забойстве асуджанага. Яно адбывалася зусім інакш: яго тры дні катавалі, пасля зламалі шыю, вывернуўшы, так сказаць, напалову навыварат. І толькі пасля гэтага паклалі кляп у рот», – адзначае Аляксандр Бакулін.

Ён кажа, што камісія з прадстаўнікоў ФСБ, пракуратуры і Следчага камітэту праігнаравала паказанні, дзякуючы якім можна было вызначыць сапраўдную прычыну смерці. І нагадвае, якія парадкі пануюць у ПК-6:

«Іван Міхайлавіч [намеснік дзяжурнага маёр Маршалко. Былыя зняволеныя кажуць, што абвінавачваюць у перавышэнні паўнамоцтваў з ужываннем гвалту менавіта яго] цяпер арыштаваны. Акрамя яго там такіх людзей нават з майго вызвалення ў 2016 годзе заставалася некалькі асобаў – у іх, на жаль, псіхафізічны стан такі, што яны фактычна штодзённа праводзяць збіцці, следуючы ў адмысловы каранцінны блок, дзе трымаюцца асуджаныя, што парушылі нейкі парадак у жылой зоне. Туды накіроўваюць на некалькі тыдняў, адпаведна прыходзяць гэтыя крыху псіхалагічна ненармальныя чыны Федэральнай службы выканання пакаранняў (ФСВП) і ўручную збіваюць, ходзяць па паверхах. Ім гэта дастаўляе асалоду».

Аляксандр Бакулін лічыць, што камісія з Масквы «адпішацца», а «правы асуджаных не будуць паляпшацца». І кажа, што ў Яраслаўскай калоніі (відэа катаванняў з якой нядаўна з’явіліся ў інтэрнэце) сітуацыя можа быць яшчэ горшай. Пры гэтым давесці бясчынства вельмі складана, адзначае Аляксандр Бакулін:

«Бяда ў тым, што доказная база толькі на словах. Зразумейце спецыфіку сувязі з калоніі: мая функцыя перадатачная, і я фактычна нічога не магу даказаць. Ёсць інфармацыя, я веру людзям, якія яе перадалі, бо яны настойліва штодзённа намагаюцца паведаміць, што там адбываецца. Канечне, Следчы камітэт цяпер арыштаваў асноўнага віноўніка. Прыехаў галоўны ФСВП з Масквы Карніенка. Фармальна ён мусіць абвесціць вымовы, кагосьці зняць, але, на жаль, гэта ні да чаго не прывядзе – застаюцца людзі, якія збіваюць і будуць збіваць. Іх там некалькі чалавек, я магу назваць прозвішчы».

Аляксандр Бакулін кажа, што ў катаваннях бралі ўдзел 3-4 асобы, а не адна, якую цяпер абвінавачваюць.

Ілюстрацыйны здымак. Фота Stanislav Krasilnikov/TASS/ Forum

«Бярыце афіцыйныя крыніцы, не чуткі»

Журналіст Belsat.eu папрасіў прэс-службу Упраўлення ФСВП па Бранскай вобласці пракаментаваць інфармацыю пра тое, што афіцыйная версія смерці асуджанага можа быць несапраўднай. На што пачуў, што лепш не звяртаць увагу на «чуткі»:

«Афіцыйная версія паўсюль прадстаўлена. Можаце зайсці на сайт пракуратуры, Следчага камітэту. Сайт СК напісаў канкрэтную прычыну – яны ж ужо дакладна не будуць нічога, у адрозненне ад іншых інфармацыйных крыніцаў, блытаць. У іх там поўная версія, і што з гэтым супрацоўнікам, што ён затрыманы, паводле якога артыкулу, там распачатая крымінальная справа – усё на сайце СК. Бярыце лепш афіцыйныя крыніцы, не бярыце гэтыя чуткі».

На сайце ж Следчага камітэту РФ можна прачытаць:

«Паводле версіі следства, 22 ліпеня каля 20:20 супрацоўнік ПК-6, ужываючы гвалт і выкарыстоўваючы спецсродкі, абмежаваўшы рух асуджанага, прывязаў тканінай ягоны твар, у выніку чаго апошні памёр ад асфіксіі».

Бунтавалі супраць збіцця яшчэ ў 2014-м

Летась у кастрычніку расейская «Новая газета» апісала жорсткія парадкі ў ПК-6, дзе «актыў» (складаўся са зняволеных, якія супрацоўнічалі з адміністрацыяй) выбіваў грошы з тых, хто адбываў ва ўстанове пакаранне. Пазбегнуць збіцця можна было толькі заплаціўшы. Кіраўніка «актыву» вызначала кіраўніцтва калоніі. У адказ на здзекі і вымагальніцтвы асуджаныя ў жніўні 2016 года зладзілі бунт – ужо другі, першы адбыўся ў сакавіку 2014 года.

Belsat.eu

Стужка навінаў