«Дэпартацыю крымскіх татараў трэба прызнаць генацыдам»


Сёння – гадавіна дэпартацыі крымска-татарскага народу. 71 год таму войскі НКВД пачалі заганяць сем’і крымскіх татараў у вагоны, каб адправіць у Сярэднюю Азію і на Урал. Улады Расеі забаранілі акцыю памяці ў акупаваным Крыме, аднак гэтыя трагічныя падзеі ўзгадалі шмат у якіх гарадах свету. Які след пакінула дэпартацыя ў жыццях тысячаў татараў, нашая берлінская карэспандэнтка распытала чальца меджлісу крымска-татарскага народу Бекіра Мамутава.

Як вядома, да сярэдзіны красавіка Крым (за выключэннем Севастопалю) вызвалілі савецкія войскі і тыя людзі, што перажылі акупацыю, думалі, што змогуць уздыхнуць з палёгкаю, што прыйшлі вызваліцелі, будзе вяртанне да жыцця, як раней. Але гэты перыяд доўжыўся нядоўга.

Была заўважаная нейкая дзіўная падрыхтоўка да чагосьці… Нашыя старыя казалі, што сярод жаўнераў і афіцэраў былі людзі, якія, каб зняць з душы грэх, папярэджвалі. Яны не казалі, што будзе высяленне, але казалі: на ўсялякі выпадак падрыхтуйце рэчы, рыхтуйцеся, бо нешта можа адбыцца. Гэта спраўдзілася.

Па ўсім Крыме, у адзін момант, у адзін час раніцай, каля 4:00 18 траўня ў кожны дом уваходзіў афіцэр і два салдаты. Яны зачытвалі пастанову Дзяржаўнага камітэту абароны пра тое, што крымскіх татараў неабходна выселіць. Зачытвалася і матывацыя – «за здраду радзіме».

Было дзіўна бачыць, што ў 90 % гэты ўказ зачытваўся малалетнім дзецям, жанчынам, старым. Большая частка мужчынаў ужо былі на фронце. І калі не ў кожнай сям’і, то прынамсі праз адну, высялялі людзей, бацькі, браты і сыны якіх змагаліся з ворагам.

Мы размаўлялі з адной жанчынаю – яна ў тыя гады была падлеткам. Мы пыталі: што ў гэты дзень вам запомнілася найбольш? Яна распавяла, што калі ўсе грузілі рэчы, ейны бацька не выпускаў з рук вядро. Потым яна распытала яго, чаму ён так рабіў. Бацька думаў, што іх павязуць расстрэльваць. Ён хацеў надзець на галаву гэтае вядро, каб не бачыць, як забіваюць ягоную сям’ю.

Што адбывалася з вашымі суайчыннікамі потым?

У гады дэпартацыі, паводле афіцыйнай статыстыкі, загінулі 20 % дэпартаваных. Па нашых падліках – 46,6 %. А дэпартавалі каля 200 тысячаў. Гэта жанчыны, старыя, дзеці. А потым – яшчэ і франтавікоў. Мужчыны вярталіся не дадому ў Крым, а ў месца дэпартацыі. Там яны знаходзілі свае сем’і. Хтосьці ўжо да гэтага часу памёр, а хто выжыў – жылі ў страшнай галечы і ўмовах. Гэта немагчыма перадаць.

Таму мы лічым, што міжнародная супольнасць павінна прызнаць гэтыя дзеянні генацыдам. Таму што для людзей ствараліся ўмовы, што неспалучальныя з нармальным ладам жыцця, проста з існаваннем.

Гутарыла Жанна Кромер, Белсат

Стужка навінаў