Крымска-татарскія журналісты: Мы заўсёды вяртаемся!


У ноч з аўторка на сераду спыніўся эфір тэлеканалу ATR, гледачамі якога пераважна былі крымскія татары. Канал не прайшоў працэдуру рэгістрацыі СМІ Расейскай Федэрацыі.

Разам з ATR спыніўся эфір тэлебачання для дзяцей «Ляле», а таксама радыёстанцыі «Мейдан» і «Лидер», і інтэрнэт-выданне «15 минут».

Кіраўніцтва каналу ATR сцвярджае, што некалькі разоў дасылала ў Раскамнагляд рэгістрацыйныя дакументы, аднак кожны раз іх вярталі. Апошні тэрмін рэгістрацыі скончыўся 1 красавіка.

Расейскія ўлады Крыму ўпэўніваюць, што ніякай палітыкі ў гэтай справе не было, а калі і была, то… з боку самога кіраўніцтва тэлебачання, якое адмыслова давяло да сітуацыі, у якой выданне дазволу на трансляцыю было немагчымым. І вінавацяць ATR у неадпаведных палітычных сімпатыях.

«Раскамнагляд адправіў дакументы на дапрацоўку. Магчыма, мае месца наўмыснае стварэнне прэцэдэнту, каб выклікаць скандал. То бок памылкі, з-за якіх Раскамнагляд вяртае дакументы. А абарона інтарэсаў Украіны на тэрыторыі Крыму – бесперспектыўна. Не трэба непакоіць людзей тым, што Крым калі-небудзь вернецца ва Украіну», – заявіў прызначаны расейцамі «прэм’ер-міністр» Крыму Сяргей Аксёнаў.

Гледачамі ATR пераважна былі крымскія татары. 60 % эфірнага часу займалі праграмы на расейскай мове, 35 % – на крымска-татарскай і 5 % – на ўкраінскай.

У апошні вечар у студыі з’явілася кіраўніцтва каналу. З гледачамі развіталіся аптымістычна – словамі: «Вернемся. Мы заўсёды вяртаемся!»

cez, belsat.eu

Стужка навінаў