Крычаўскіх міліцыянтаў, якія скардзіліся на знявагу з боку кіраўніцтва, звольнілі


УУС Магілёўскага аблвыканкаму апублікавала афіцыйную заяву па выніках службовай праверкі ў адносінах да супрацоўнікаў Крычаўскага РАУС.

Праверку распачалі па факце распаўсюду ў медыях «з парушэннямі патрабаванняў нарматыўных актаў МУС супрацоўнікамі РАУС падпалкоўнікам Ігарам Вусікам і лейтэнантам Андрэем Шашковым», адзначаюць у ведамстве.

«У выніку ўсталяваныя факты грубага і наўмыснага парушэння Вусікамі і Шашковым умоваў заключэння з імі кантрактаў аб службе і патрабаванняў ведамаснага нарматыўнага акту аб узаемадзеянні АУС з медыямі. Ігар Вусік ды Андрэй Шашкоў дакладна ведалі пра названыя ўмовы і патрабаванні, абавязковы для выканання кожным супрацоўнікам органаў унутраных справаў, а таксама аб прадугледжанай адказнасці, але свядома пайшлі на іх парушэнне», – гаворыцца ў заяве.

У тэксце афіцыйнай заявы напісана, што распаўсюджаная Вусікам ды Шашковым у медыях ды ў інтэрнэце інфармацыя пра кіраўніцтва Крычаўскага РАУС «субектыўная, неправераная, выклікала негатыўны рэзананс у грамадстве ды дыскрэдытавала дзяржорганы і іх кіраўнікоў».

У сувязі з гэтым кіраўніцтва абласнога ўпраўлення ўнутраных справаў датэрмінова скасавала кантракты з Ігарам Вусікам ды Андрэем Шашковым – міліцыянты звольненыя «па адмоўных матывах».

З чаго пачалося

У канцы красавіка крычаўскія міліцыянты распавялі «Белсату» пра тое, як кіраўніцтва прымушае іх выконваць план па «злачынствах» і аддаваць частку заробкаў. 11 супрацоўнікаў правапарадку даслалі ў лютым ліст міністру Шуневічу, у якім апісалі ўмовы сваёй працы.

Падпалкоўнік міліцыі пра ўмовы працы ў праваахоўных органах

Пазней кіраўнік МУС Ігар Шуневіч заявіў, што па выніках праверкі ўсталяванае парушэнне дысцыпліны і ведамасных актаў як з боку кіраўніка райаддзелу, так і з боку «скаржніка (Ігара Вусіка), які з’яўляецца фігурантам гэтай праверкі». Неўзабаве ў Крычаўскім РАУС быў праведзены афіцэрскі сход, на якім большасць удзельнікаў прагаласавала за выключэнне падпалкоўніка Ігара Вусіка са складу сходу.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў